19 траўня ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Беларусі прадставілі стыпэндыяльную праграму Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі - стыпэндыю Chevening.
Дарадца па пытаньнях культуры і адукацыі амбасады Юлія Буслаева і намесьнік дарадцы па сувязях з грамадзкасьцю Вольга Рапінчук пазнаёмілі патэнцыйных кандыдатаў з умовамі яе атрыманьня і адказалі на зададзеныя пытаньні.
Стыпэндыя Chevening была заснаваная ў 1983 годзе. За гэты час дзякуючы стыпэндыі 44 тысячы чалавек з усяго сьвету змаглі стаць выпускнікамі найлепшых унівэрсытэтаў Англіі. З 1993 году яе спашукальнікамі сталі і беларусы, больш за дзьвесьце зь іх ужо скончылі брытанскія ВНУ. У цяперашні час стыпэндыя даступная для жыхароў больш як 160 краін сьвету. Адбор стыпэндыятаў ажыцьцяўляецца брытанскімі амбасадамі і прадстаўніцтвамі па ўсім сьвеце. Абмежаваньняў па ўзросьце не існуе, але, як паказвае практыка, спашукальнікамі выступаюць грамадзяне ад 18 да 54 гадоў, хоць асноўная група абмежаваная 25-35 гадамі.
У 2015 годзе на шэсьць стыпэндыяў, выдзеленых для Беларусі, прэтэндавалі 98 спашукальнікаў. Беларусы найчасьцей падаюць заяўкі на вучобу ў Лёнданскі ўнівэрсытэт каралевы Марыі, Лёнданскую школу эканомікі і палітычных навук, а таксама Эдынбурскі ўнівэрсытэт.
Як патлумачыла Вольга Рапінчук, прычына цяперашняга візыту ў Віцебск палягае ў тым, што пераважную частку спашукальнікаў складаюць прадстаўнікі Менску і Менскай вобласьці, а супрацоўнікам Брытанскай амбасады хацелася б бачыць больш кандыдатаў з рэгіёнаў, і ў прыватнасьці зь Віцебску.
Заяўка на стыпэндыю падаецца онлайн на сайце www.chevening.org са жніўня па лістапад. Спачатку спэцыялісты вырабляюць адбор кандыдатаў, якія праходзяць паводле мінімальных патрабаваньняў. Затым сьпісы адсылаюцца ў амбасады, якія і складаюць сьпіс асобаў, якія ідуць на інтэрвію, па выніках якога і прымаецца рашэньне на атрыманьне стыпэндыі.
Сума стыпэндыі пакрывае ўсё: і саму плату за навучаньне, і квіток на самалёт туды і назад, і штомесячную суму на пражываньне, і кошт візы. Штомесячная дапамога на пражываньне дазваляе жыць не працуючы, канцэнтруючыся толькі на вучобе, хоць віза і дае права на законную падпрацоўку.
Абавязковым патрабаваньнем для атрыманьня стыпэндыі зьяўляецца наяўнасьць двухгадовага досьведу работы або эквівалентная занятасьць (стажыроўка або валянтэрская практыка). На момант падачы заяўкі неабходна вызначыцца з выбарам навучальнай установы і спэцыяльнасьці, а таксама мець рэкамендацыйныя лісты. Узровень валоданьня ангельскай мовай павінен быць пацьверджаны адпаведным сэртыфікатам.
Стыпэндыя разьлічаная на людзей, якія ўжо атрымалі вышэйшую адукацыю ў нейкай галіне ведаў. Аднак строгай прывязкі да першай адукацыі падчас выбару навучальнай установы не існуе, і пры паступленьні маецца магчымасьць зьмяніць сфэру сваіх інтарэсаў.
Адукацыя, якую стыпэндыят выбірае, павінна спрыяць дасягненьню вызначаных кар'ерных мэтаў. Таму падчас адбору кандыдатаў на стыпэндыю першарадная ўвага надаецца лідэрскім якасьцям і матываванасьці асобы на вучобу і разьвіцьцё. Досыць важным момантам у заяўцы, на які зьвяртаецца ўвага падчас адбору кандыдатаў, зьяўляецца кар'ернае плянаваньне і разуменьне таго, што выпустник зьбіраецца ажыцьцявіць па вяртаньні.
Вяртаньне выпускніка на радзіму зьяўляецца абавязковай умовай. Гэтая ўмова стымулюе спэцыяліста на прымяненьне атрыманых ведаў на карысьць сваёй краіны. З гэтай жа мэтай ўведзеная і двухгадовая забарона на працу ў Брытаніі. Аднак ня важна, дзе ў рэшце рэшт выпускнікі знойдуць прымяненьне сваім здольнасьцям - куды важнейшыя тыя сувязі і магчымасьці, якія яны атрымліваюць дзякуючы вучобе і якія адкрываюць перад імі значныя пэрспэктывы.