Да Дня Волі незалежныя журналісты Віцебску зладзяць фотавыставу, прысьвечаную Барысу Хамайду, легендарнаму апазыцыйнаму актывісту, распаўсюдніку дэмакратычнай прэсы. Арганізатары мерапрыемства мяркуюць, што прыемным сюрпрызам для іх фотагероя стане ўручэньне яму «гістарычных» фотаздымкаў 20-гадовай даўніны.
Сабраныя з прыватных архіваў фотаздымкі зьяўляюцца сьведчаньнем нязломнасьці духу і дэмакратычных перакананьняў асобнага чалавека. Паказваюць Барыса Ханонавіча ў штодзённым публічным супрацьстаяньні аўтарытарнай сыстэме і грамадзкаму канфармізму на працягу двух дзесяцігодзьдзяў. Гэткая адданасьць ідэі ня можа ня ўражваць, ня можа не натхняць. Натхніла яна на арганізацыю выставы і віцебскіх журналістаў ды фатографаў.
У 1991 годзе спадар Хамайда стаў рэдактарам аднаго зь першых незалежных выданьняў на Беларусі. Газэта «Выбар» мела сваё адметнае аблічча і вылучалася сярод іншых выразнай нацыянальна-дэмакратычнай пазыцыяй, заклікала народ да«пабудовы сапраўднай дэмакратычнай і прававой дзяржавы». Наклад выданьня даходзіў да 2500 асобнікаў.
У 1994 годзе Міністэрствам інфармацыі на фармальнай падставе было ануляванае пасьведчаньне аб рэгістрацыі, пасьля чаго газэта пачала выходзіць падпольна і зь меншай пэрыядычнасьцю. Апошні нумар быў надрукаваны ў 2005 годзе.
Але найперш сёньняшнія месьцічы зьвязваюць няўрымсьлівую асобу Барыса Ханонавіча зь ягоным штодзённым стаяньнем ля «сіняга дому». Менавіта ў гэтым месцы і зроблена нямала здымкаў, якія будуць выстаўляцца.
Экспазыцыя выставы будзе складацца зь дзьвюх частак: адна зь іх стане адлюстраваньнем мінуўшчыны, другая – сучаснасьці. Акрамя архіўных фотаздымкаў у наведнікаў будзе магчымасьць пабачыць і нумары некалі папулярнай сярод дэмакратычнай супольнасьці газэты «Выбар».
Мяркуецца, што выстава стане перасоўнай, і пазнаёміцца зь ёй змогуць зацікаўленыя асобы з найбліжэйшых да Віцебску раённых цэнтраў і паселішчаў.
«Дыялёг»