У судзе гораду Полацку адноўлены на працы на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» работнік цэху № 8 Аляксей. Рабочага звольнілі з 19 студзеня нібыта за прагулы. Наймальнік заводу ў судзе пагадзіўся выплаціць работніку зарплату за час вымушанага прагулу і прапанаваў міравое пагадненьне.
«Інтарэсы рабочага ў судзе прадстаўляў Свабодны прафсаюз, – кажа кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу на “Шкловалакне” Віктар Стукаў. – Як заўсёды, адміністрацыя ня хоча ўнікаць у праблемы працоўных. Калі нейкая здарылася праблема са здароўем, дык не разьбіраюцца – прагуляў ты, ці там ужо памёр, – звальняюць з працы. І калі пачалі ў судзе разьбірацца, дык урачы сказалі, што ў працоўнага быў такі стан здароўя, што ён ня мог працаваць».
Прагулам на працы начальнікі палічылі дні, калі работнік хварэў і двойчы 22 і 23 сьнежня выклікаў хуткую дапамогу на дом, але не зьвярнуўся ў паліклініку. Лекары хуткай дапамогі – як сьведкі – далі паказаньні ў судзе, што Аляксей быў ня ў стане выконваць свае працоўныя абавязкі. Лекар выдаў бальнічны 26 сьнежня, і таксама заявіў, што працаўнік пры такім захворваньні ня змог бы працаваць з 22 сьнежня.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя