Пракурорскія работнікі Віцебскай вобласьці прааналізавалі захаванасьць і належную эксплёатацыю жылога фонду. Праверкі сьведчаць, што наймадаўцы зацягваюць зь бягучым і капітальным рамонтам будынкаў, дапускаюць іншыя парушэньні жыльлёвага заканадаўства.
Паводле інфармацыі пракурора аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці Марыны Запрудзкай, падчас абсьледаваньня жыльлёвага фонду ў Віцебску, Дубровенскім, Мёрскім, Аршанскім, Глыбоцкім і некаторых іншых раёнах выяўленыя факты частковага разбурэньня гаўбцоў, лоджыяў і іншых элемэнтаў. У асобных выпадках аварыйныя гаўбцы знаходзіліся над пешаходнымі дарожкамі, ствараючы небясьпеку для жыцьця і здароўя грамадзян.
Апроч таго, эксплёатаваліся будынкі зь неналежным станам падмурку, расколінамі сьцен і іншымі хібамі (Наваполацак, Шумілінскі, Полацкі, Гарадоцкі раёны). У шэрагу дамоў Браслаўскага, Верхнядзьвінскага, Докшыцкага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў не выключаны доступ староньніх у падвальныя і паддашкавыя памяшканьні. З-за гэтага, напрыклад, у адным са склепаў дому на вуліцы Чыгуначнай у Полацку летась здарыўся пажар, але, як паказала праверка, дагэтуль дзьверы туды не замыкаюцца.
Пракурорскія работнікі адзначаюць, што пасіўная пазыцыя арганізацыяў ЖКГ у дачыненьні да бясьпекі нярэдка спрыяе зьдзяйсьненьню злачынстваў. Так, двое жыхароў Браслава выкралі зь незачыненага склепу ровар, у Дубровенскім раёне былі выкрадзеныя прадукты харчаваньня.
Па выніках праверкі пракурорамі ўнесена 17 прадстаўленьняў і 7 прадпісаньняў, старшыням Ушацкага і Шаркоўшчынскага райвыканкамаў накіраваныя інфармацыйныя запіскі.
Аляксандар Кутынка, vitvesti.by