Начальнік міжраённага аддзелу УУС Віцебскага аблвыканкаму падпалкоўнік міліцыі Аляксандар Сьцяпанаў спачатку вынес «пастанову аб спыненьні справы аб адміністрацыйным правапарушэньні» ў дачыненьні да праваабаронцы Паўла Левінава, а праз 9 дзён замяніў гэтую пастанову на новую, паводле якой спадар Левінаў прызнаны правапарушальнікам.
Першая пастанова была вынесеная 21 верасьня 2015 году, другая нарадзілася на сьвет 30 верасьня. Падпалкоўнік міліцыі прызнаўся, што «апісаўся ў частцы спыненьня справы», і наклаў на Левінава адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе штрафу ў памеры 90 000 рублёў.
Згодна з пастановай Павал Левінаў як уласьнік транспартнага сродку павінен заплаціць штраф за перавышэньне хуткасьці руху на 14 км/г, якое было зафіксаванае год таму, 13 кастрычніка 2014 году.
Распавядае Павал Левінаў:
– Гэта ўжо ня першы выпадак майго супрацьстаяньня зь Дзяржаўтаінспэкцыяй. У 2009 годзе ДАІ пазбавіла мяне права кіраваньня транспартнымі сродкамі. Мясцовыя судзьдзі і пракуроры парушэньняў з боку ДАІ ня ўгледзелі. Толькі Вярхоўны суд змог скасаваць супрацьзаконную пастанову.
У 2012 годзе правалілася спроба ДАІ прыцягнуць мяне, як пешахода, да адміністрацыйнай адказнасьці за знаходжаньне на праезнай частцы дарогі.
Што тычыцца апошняй справы, двойчы выносіліся пастановы аб накладаньні на мяне адміністрацыйнага штрафу, і двойчы яны скасоўваліся.
У момант фіксацыі перавышэньня хуткасьці аўтамабілем кіраваў мой блізкі сваяк. Канстытуцыя надае мне права ня сьведчыць супраць сваякоў. Падпалкоўніку міліцыі Аляксандру Сьцяпанаву быў прадстаўлены сьведка, які паказаў, што аўтамабіль 13 кастрычніка 2014 году кіраваўся ня мной.
У цяперашні час пастанова «аб спыненьні справы аб адміністрацыйным правапарушэньні», паводле якой я прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, абскарджаная ў суд Першамайскага раёну Віцебску. У скарзе я зважыў на шматлікія парушэньні падчас вядзеньня адміністрацыйнага працэсу: парушэньне права на абскарджаньне дзеяньняў асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс, самаўхіленьне гэтай асобы ад выяўленьня кіроўцы аўтамабіля ў момант перавышэньня хуткасьці руху, парушэньне маіх правоў на ўдзел у разглядзе справы і на абарону, накладаньне спагнаньня пры заканчэньні тэрмінаў накладаньня і г.д. Мяркую, суд паставіць у гэтай справе кропку і спыніць у дачыненьні да мяне адміністрацыйны перасьлед.
Віцебская вясна