На Віцебшчыне кантралёры абарвалі пасрэдніцкі ланцужок, з дапамогай якой цана на сыравіну і абсталяваньне для дзяржаўнага заводу ўзрастала ў разы. Упершыню, удакладняюць ў КДК Віцебскай вобласьці, да адказнасьці будзе прыцягнуты і кіраўнік прадпрыемства, і той, хто дапамагаў яму на шкоду эканамічным інтарэсам калектыву спусташаць рахункі і накручваць сабекошт, – дырэктар і заснавальнік трох камэрцыйных фірмаў.
У дачыненьні да кіраўніка КУВП «Полацкі вінаробны завод» ўжо распачатыя 12 (!) крымінальных спраў, у дачыненьні да яго пастаўшчыка – 3. Дзякуючы цесным дзелавым сувязям учорашніх партнэраў рахункі прадпрыемства высіліліся на 2,5 мільярду рублёў.
Намесьнік старшыні Полацкага міжраённага КДК Тацьцяна Хітрова знаёміць з дэталямі справы: «Напрыклад, экстракт дубу, перш як трапіць на вінзавод ад расейскага пастаўшчыка, «пракаціўся» па паперах некалькіх фірмаў-пасярэднікаў і ў выніку падаражэў больш як у 7 разоў. У цукру прыблізна такая ж доўгая і мудрагелістая дарога. Падарожжа па складох трох камэрцыйных структураў абышлося вельмі нятанна – цэньнік падскочыў амаль напалову. Такія доўгія ланцужкі забясьпечвалі ўсе прамежкавыя зьвёны добрым «наварам». Толькі за тры месяцы пасрэдніцкія структуры «выпампавалі» зь вінзаводу дадаткова звыш 850 мільёнаў рублёў».
Мо’ самі прамыслоўцы ня ведалі, што пачым? Паверыць у такую наіўнасьць складана. Прыватная фірма прадае заводу ўпаковачную машыну больш як за 1,7 мільярду рублёў, хаця сама выдаткавала на яе куплю... 280 мільёнаў. Больш як у 4 разы павялічыўся такім самым чынам і кошт паўпрычэпу-цыстэрны для перавозкі сьпірту. «Навар» склаў 2 мільярды рублёў.
А яшчэ дырэктар заводу, яго намесьнікі і галоўныя спэцыялісты атрымлівалі прэміі, у той час як у прадпрыемства была запазычанасьць па выплаце акцызаў. Заплюшчылі вочы на немалы доўг перад дзяржавай у 25 зь лішкам мільярдаў рублёў. У пераліку крымінальных спраў, апроч вышэйзгаданых фактаў, фігуруюць і незаконнае атрыманьне заводам дзяржпадтрымкі, недакладныя зьвесткі ў падатковых дэклярацыях, скажэньне дадзеных дзяржстатсправаздачнасьці, «памылкі» пры правядзеньні зьнешнегандлёвых апэрацыяў...
Надоечы ў Полацку адбылося спэцыяльнае выязное паседжаньне калегіі КДК вобласьці, дзе кантралёры, абапіраючыся на прэзыдэнцкі дэкрэт пра ўзмацненьне патрабаваньняў да кіруючых кадраў, патрабавалі вызваліць дырэктара ад займаемай пасады. Што і было зроблена. Падстава – акалічнасьці, якія дыскрэдытуюць яго асобу.
З кіраўніком разьвіталіся, а вось пытаньне, ці зможа ўстаць з каленяў прадпрыемства пасьля такога маштабнага разбазарваньня сродкаў, пакуль застаецца адкрытым.
respublika.sb.by