Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 Аляксандар Мікулін ладзіў 12 верасьня агітацыйнае пікетаваньне ў новым віцебскім мікрараёне Білева – насупраць адміністрацыйнага будынку кандытарскага камбінату “Віцьба”. Кіраўніцтву фабрыкі гэта вельмі не спадабалася.
Як распавёў “Дыялёгу” сам кандыдат, пачатак пікетаваньня азнаменаваўся тым, што адміністрацыя фабрыкі “Віцьба” чыніла пікетоўцам перашкоды, хаця яны стаялі на месцы, якое зацьверджана гарвыканкамам для перадвыбарчага агітацыйнага пікетаваньня.
“Спачатку выбег да нас ахоўнік, потым – старэйшы зьмены і нарэшце, калі мы правільна зразумелі, – намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы прадпрыемства. Гэта, маўляў, наша тэрыторыя, мы нясем за яе адказнасьць і ніякія пікеты тут праводзіць не дазваляем. Мы вымушаны былі паказаць паперу з дазволам. Дарэчы, начальніца вельмі абуралася тым, чаму выканкам загадзя не давёў ім да ведама пра магчымае пікетаваньне”, – кажа Мікулін.
Зь ягоных словаў, адміністратарка адразу пасьля размовы з кандыдатам пачала камусьці нэрвова тэлефанаваць.
Аляксандар Мікулін
Разам зь Мікуліным у пікеце стаялі ягоныя давераныя асобы Анатоль Гнеўка і Лідзія Сагідуліна. Удзельнікі знаёмілі мінакоў з тэзамі “Грамадзянскага дагавору”. Білеўцы ў адказ дзяліліся сваімі праблемамі. Найперш – зьвязанымі зь недахопам грамадзкага транспарту. З самага ранку зьехаць зь Білева на працу ці ў школу – вялікая праблема. Балазе, пікет стаяў амаль што на самым аўтобусным прыпынку, так што балючая тэма была літаральна пад нагамі…
Пікетаваньне праходзіла пад лягатыпам “Гавары праўду”. Што праўда, расьцяжку даводзілася ўвесь час падтрымліваць, каб яе ня зьнёс за агароджу кандытарскай фабрыкі парывісты білеўскі вецер.
“Нас большасьць, – запэўнівае Мікулін, – большасьць тых, хто не падтрымлівае ні ўладу, ні апазыцыю. І мы голас вось гэтых людзей, голас, які павінен прагучаць у парлямэнце”.