Прысуд быў абвешчаны 6 верасьня Мінскім гарадзкім судом, які прызнаў былога намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт.430 КК РБ).
Кавалёў абвінавачваўся ў атрыманьні хабару «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў яго кампэтэнцыю», калі займаў адказную пасаду.
Паводле выніковай часткі прысуду, якая была агучана падчас паседжаньня, суд пастанавіў «прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 7 гадоў, з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў. З адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму».
У Кавалёва ў тым ліку будуць канфіскаваныя кватэра ў Брэсьце, аўтамабіль, паляўнічая стрэльба, бытавая тэхніка, грошы ў банку.
У сувязі з амністыяй Кавалёву паменьшаны тэрмін адбываньня ў калёніі на адзін год. Пры адбыцці тэрміна ў калёніі будзе таксама ўлічаны час, які ён правёў пад арыштам – з 21 чэрвеня 2011 па 5 верасня 2012 года.
Другі фігурант справы грамадзянін Эстоніі Гунар Коаль, які да гэтага знаходзіўся пад хатнім арыштам, прызнаны вінаватым па ч.6 арт.16 (саўдзел у злачынстве) і ч.3 арт.430 КК і асуджаны да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады на тры гады. Яму таксама зьменьшылі тэрмін на адзін год па амністыі.
Леанід Кавалёў у свой час працаваў старшынём калгасу ў Баранавіцкім раёне, першым сакратаром БРСМ, намесьнікам старшыні Віцебскага гарвыканкаму і нарэшце – намесьнікам старшыні Віцебскага аблвыканкаму.