У сераду 22 жніўня акруговыя камісіі рэгістравалі кандыдатаў у Палату Прадстаўнікоў пятага склікання. Канчатковыя вынікі рэгістрацыі будуць падведзены пасля другога дня рэгістрацыі. Але многія прэтэндэнты ўжо апынуліся па-за гульнёй...
"Дыялёг" пагутарыў зь віцебскім актывістам Сяргеем Парсюкевічам, які вылучаўся шляхам збору подпісаў па Віцебскай Кастрычніцкай акрузе № 20 і не прайшоў рэгістрацыю: камісія забракавала подпісы.
– Наогул, подпісаў сабралі ўдвая больш, чым трэба, – 2 тысячы зь нечым. Прычым здалі толькі тыя подпісы, якія прайшлі пільную ўнутраную праверку з абзвонам падпісантаў і зьверкай пашпартных дадзеных. У выніку адсеялі прыблізна 10-15 подпісаў. То бок мы здалі выключна нармальныя, чыстыя подпісы, сабраныя ў рэальных людзей.
І што атрымалася? Калі не памыляюся, забракавалі 70 ці 80 подпісаў. Даходзіла да таго, што ў адным падпісным лісьце несапраўднымі прызналі аж 9 подпісаў... Гэта ж проста жах! Такога быць не можа.
– Тым не менш, гэта здарылася. Яшчэ да працэдуры рэгістрацыі вы казалі, што такі зыход прадказальны. Чаму?
– На маіх пікетах людзі адпрацоўвалі па максымуму. Але нас пастаянна даймалі. Адстаялі мы тры дні каля крамы "Віцебскія прадукты" на праспэкце Фрунзэ, а потым прыязджае міліцыя – маўляў, вы стаіце бліжэй 150 мэтраў ад агароджы дзіцячага садку. Вымераў – 140 з невялікім крокаў. Добра, прыйшлося сысьці. Па Фрунзэ нідзе практычна нельга было стаць, акрамя перасячэньня са Смаленскай. Па Лазо не стаць, па Праўдзе таксама, такая ж сытуацыя і па Маскоўскім праспекце. І я гэтыя рашэньні ўсё абскардзіў.
Плюс калі даведаўся, якія месцы вызначылі кандыдатам для пікетаў – строга ў дварах, дзе ніколі людзей няма, або, да прыкладу, за магазінам "Фрунзенскі" – таксама абскардзіў гэтае рашэньне ў ЦВК.
І, мабыць, яны зразумелі, што я сапраўды зьбіраюся нармальна праводзіць кампанію (а я сапраўды збіраўся яе нармальна праводзіць!), і вырашылі мяне лепш не рэгістраваць ад граху далей. І вось мы маем тое, што маем...
– Дык, апынаецца, вас "зрэзалі", таму што вы маглі апынуцца мацнейшым за "праўладнага" кандыдата?
– Наколькі я ведаю, перад імі пастаўлена задача: тых, хто рэальна можа набраць 30-40 адсоткаў галасоў, – не рэгістраваць. А я думаю, што набраў бы жалезна больш за 50 адсоткаў. Таму што падтрымка насельніцтва была добрая. Мы адчулі гэта і падчас пікетаў і падчас збору подпісаў. Я каардынатар кампаніі "Гавары праўду" па Віцебску, і мы вельмі шмат зрабілі патрэбных рэчаў для гараджан. І таму так – мяне тупа пабаяліся рэгістраваць. Вожыку зразумела: калі я правяду нармальную агітацыю, то ў мяне рэйтынг будзе значна вышэйшы, чым у Цацохі (Аляксандар Цацоха – дэпутат абласнога Савету, дырэктар Віцебскага медкаледжа).
І, наколькі я бачу, гэта агульная тэндэнцыя па краіне. То бок людзей, у якіх ёсць каманды і хто рэальна можа канкурыраваць з праўладнымі кандыдатамі, – зрэзалі на этапе рэгістрацыі.
- Ці будзеце абскарджваць рашэньне акруговай камісіі?
- Абавязкова. Будзем бадацца, таму што я дакладна ведаю, што ўсе мае подпісы абсалютна нармальныя. Я б дапусьціў 5-10, ну 20 ляпаў сярод подпісаў, але не столькі, колькі яны мне там намалявалі.