У беларускіх прадпрымальнікаў пачалі правяраць рэчы на беларуска-расейскай мяжы. Гандляры, якія езьдзяць па тавар у Расею, падчас вяртаньня ў Беларусь цяпер падлягаюць праверкам на мяжы з боку супрацоўнікаў адказных службаў, у тым ліку падатковай інспэкцыі. Пра гэта паведаміла віцебская прадпрымальніца, старшыня стваранага прафсаюзу «Разам» Ірына Яскевіч.
Паводле слоў Ірыны Яскевіч, службы цікавіць выключна тавар, які ўвозіцца ў Беларусь: «Ім важней за ўсё тыя паперы, тыя дакумэнты, якія яны ім паказваюць. Гэтыя дакумэнты фіксуюць для таго, каб потым прадпрымальнік заплаціў дваццаць працэнтаў пошліны ад кошту гэтых тавараў. А больш на сёньняшні дзень іх нічога не турбуе. Гэта будзе адной з крыніц папаўненьня бюджэту».
Таксама Ірына Яскевіч зьвяртае ўвагу на той факт, што расейскія сэртыфікаты якасьці і бясьпекі далей не прызнаюцца ў Беларусі, таму пасьля таго, як тавар увезены ў краіну, неабходна падцьвердзіць яго бясьпеку яшчэ і ў беларускіх адказных органах.
Радыё Рацыя