Падчас збору подпісаў за будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёнах Білева Віцебску ўдзельнікі кампаніі "Народны кантроль" пачулі ад жыхароў шмат скаргаў на жыцьцё ў новабудоўлях. Адна з праблемаў – наяўнасьць вялікай колькасьці бадзяжных сабак. Яны зьбіваюцца ў вялікія зграі, вольна бегаюць па мікрараёнах, накідваюцца на людзей, асабліва небясьпечныя яны для дзяцей. Занепакоеныя людзі распавядалі пра выпадкі, калі сабакі паводзіліся вельмі агрэсіўна і накідваліся на дзяцей пры дарослых.
Актывісты кампаніі склалі адмысловы калектыўны зварот, і жыхарка мікрараёну Білева-2 Алена Бураўцова (на фота) сабрала 85 подпісаў. Подпісы перадалі ў адміністрацыю Віцебскай спэцаўтабазы. Менавіта тут адказваюць за адлоў зьдзічэлых жывёл і перадачу іх у сваю філію-прытулак. Адначасова сабралі дапамогу з рэчаў, посуду, крупаў, макаронаў і мясных костак, якую разам са спадарыняй Аленай актывісты перадалі ў прытулак для бяздомных жывёл.
bchd.info