У Віцебскай вобласьці за парушэньні прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасьці прыцягнутыя 373 асобы, паведаміла старшы памочнік пракурора вобласьці па наглядзе за выкананьнем прыродаахоўнага заканадаўства Алена Казлова. За 6 месяцаў бягучага году ў гэтай сфэры было арганізавана 96 праверак, па выніках якіх падрыхтавана 309 актаў рэагаваньня, па патрабаваньнях пракурораў кампэнсаваныя матэрыяльныя страты на суму звыш Br80 млн.
Падчас праверак на жывёлагадоўчых фэрмах, разьмешчаных у водаахоўных зонах, выяўленае нагрувашчаньне значнай колькасьці арганікі. Яе захоўваньне арганізаванае ў тым ліку на тэрыторыях, якія маюць ухіл, што павялічвае магчымасьць трапленьня адходаў у рэкі і іншыя водныя аб’екты. Ня рэдкія выпадкі, калі тэрыторыі комплексаў забруджаныя бытавымі і іншымі адходамі. Такія парушэньні выяўляліся ў Лёзьненскім, Полацкім, Аршанскім, Мёрскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Талачынскім раёнах.
У шэрагу раёнаў пракуроры выявілі факты, якія сьведчаць аб адсутнасьці з боку выканкамаў належнага дзяржаўнага кантролю над станам спраў у сфэры выкананьня заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні зямель. У прыватнасьці, не заўсёды службовымі асобамі выканкамаў выконваюцца патрабаваньні заканадаўства аб праверцы выкананьня грамадзянамі умоў адводу зямельных участкаў і выдачы пры неабходнасьці адпаведных прадпісаньняў не пазьней як цягам аднаго месяца з дня заканчэньня тэрміну асваеньня зямельных ўчасткаў (Докшыцкі, Віцебскі, Браслаўскі раёны). Паводле слоў Алены Казловай, маюць месца шматлікія факты непрыняцьця мер па прыцягненьню да адказнасьці вінаватых у неасвоеных у вызначаны тэрмін зямельных участкаў ці іншых парушэньнях заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні зямель. Такія хібы выяўленыя ў Бешанковіцкім, Браслаўскім, Докшыцкім, Віцебскім, Аршанскім, Глыбоцкім раёнах.
Вынікі праверак сьведчыць і пра тое, што ў рэгіёне ня ўсё добра з выкананьнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Вывучаны стан помнікаў архітэктуры і археалёгіі, брацкіх магіл і воінскіх пахаваньняў, а таксама выкананьне ўласьнікамі і ўладальнікамі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў патрабаваньняў ахоўных забавязаньняў. Выяўлена, што на большасьць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны не распрацаваная праектная дакумэнтацыя зон аховы, ня ўсюды ўсталяваныя ахоўныя дошкі, не на ўсе гісторыка-культурныя каштоўнасьці маюцца пашпарты і падпісаныя ахоўныя забавязаньні (Браслаўскі, Талачынскі, Лепельскі, Пастаўскі, Расонскі, Шумілінскі і Мёрскі раёны).
Апроч таго, выяўленыя факты знаходжаньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў у неналежным санітарным і тэхнічным стане, у тым ліку, калі прылеглыя і непасрэдна іхныя тэрыторыі (паркі, сядзібы) зарасьлі пустазельлем, забруджаныя адходамі. “Гэтыя абставіны сьведчаць ня толькі пра адсутнасьць належнага кантролю ў гэтай сфэры з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, але і пра непасрэднае парушэньне выканкамамі патрабаваньняў заканадаўства, бо ў шмат якіх выпадках яны зьяўляюцца ўладальнікамі названых аб’ектаў. Такія факты выяўленыя ў Бешанковіцкім, Шаркаўшчынскім, Сеньненскім , Глыбоцкім раёнах”, - канстатавала старшы памочнік пракурора.
БелТА