Прыхільнікі стварэньня партыі БХД напісалі скаргу ў Міністэрства аховы здароўя наконт “фармальнага і недабрасумленнага выкананьня віцебскімі ўладамі даручэньня Міністэрства аб правядзеньні сустрэчы з зацікаўленымі бакамі наконт пытаньня будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёне Білева, якая мелася адбыцца 30.07.2014г.”.
Каардынатар аргакамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец абураная: “Нашы актывісты і простыя гараджане сабралі 4108 подпісаў жыхароў мікрараёнаў Білева наконт нявыкананых абяцаньняў пабудаваць паліклінічны комплекс. Калектыўныя лісты накіравалі ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў Міністэрства аховы здароўя. Атрымалі адказ зь віцебскага гарвыканкаму. Нам адказалі толькі тое, што мы ведалі і дагэтуль: маўляў, распрацаваны архітэктурны праект, ён прайшоў экспэртызу і на яго ўвасабленьне патрабуецца шмат грошай - 5600,0 млн. рублёў. Нам распавялі, што існуе праграма ўмацаваньня матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Віцебску і раёну на 2011-2015 гады, у адпаведнасьці зь якой прадугледжанае і фінансаваньне аб’ектаў. Праўда, ніякіх прыкмет будаўніцтва за паўтары гады да завяршэньня дзеяньня той праграмы ніхто ня бачыць… Чаму? Гэтае пытаньне мы і хацелі задаць прадстаўнікам улады, якія, паводле заканадаўства, мусілі арганізаваць сход жыхароў – як гэта робіцца пры ўмове, што калектыўны ліст падпісалі больш як 30 чалавек”.
Аднак, як вынікае з адказу гарвыканкаму, такая сустрэча ўжо адбылася, але ініцыятарак збору подпісаў Тацьцяну Севярынец і Алену Шабуню на сход, які быццым бы прайшоў у памяшканьні СШ №46, чамусьці не запрасілі.
“Мы паспрабавалі знайсьці хоць якія прыкметы таго, што сустрэча ўсё ж адбылася: наведалі СШ №46, дзе нібыта яна праходзіла. Але ні намесьнік дырэктара, ні супрацоўнікі, ні прадстаўнікі гаспадарчых служб школы нічога пра сустрэчу ня ведалі. Апытвалі жыхароў-мінакоў у Білева: з 28 чалавек, апытаных намі, толькі адна жанчына паведаміла, што бачыла абвестку пра сход на сваім пад’езьдзе, але ўжо пасьля прызначанага тэрміну. Тое ж мы чулі і ад амаль 100 падпісантаў звароту, якіх абтэлефанавалі, як толькі даведаліся, што сход быццам бы прайшоў. Што яшчэ сьмешна, а найбольш – крыўдна: у лісьце з упраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму, датаваным 30.07.2014г, напісана, што сход жыхараў ужо адбыўся – у той самы дзень 30 ліпеня а 18 гадзіне, і што на ім прысутнічалі ажно 25 чалавек. Цяжка паверыць, але атрымліваецца, што ў аблвыканкаме дачакаліся сканчэньня імпрэзы, і ўжо па завяршэньні працоўнага дня накіравалі нам адказ, што сход прайшоў, і абодва бакі разышліся задаволеныя”, - працягвае Тацьцяна Севярынец.
Актывістка распавяла, што аб’яў пра сустрэчу не было ні на сайтах гарвыканкаму і гарсавету, ні ў мясцовых газэтах. Многія з тых, хто падпісаў калектыўны ліст, даведаліся пра сход ужо пасьля прызначанай даты, а большасьць зь іх – ня ведалі наогул. Гэта недапушчальна, лічыць Тацьцяна Севярынец, бо толькі насельнікаў мікрараёнаў Білева, якія падпісаліся, – больш за 4 тысячы чалавек. А колькасьць тамтэйшага насельніцтва сягае пад 20 тысяч, і ўсе яны – і малыя, і дарослыя – мусяць ехаць у іншыя мікрараёны Віцебску, каб трапіць на прыём у паліклінікі, і без таго перапоўненыя “найбліжэйшымі” жыхарамі. Таму грамадзкія актывісты патрабуюць арганізаваць новую сустрэчу зь іх удзелам, як з ініцыятарамі калектыўнага звароту. Таксама яны патрабуюць разабрацца зь недабрасумленнымі віцебскімі чыноўнікамі: пікеты наконт пытаньня будаўніцтва паліклінічнага комплексу актывістам не дазваляюць, парушаючы іхнае права на мірныя сходы і свабоду выказваньня грамадзянскай пазыцыі, а сходы “ад імя дзяржавы” прымудраюцца правесьці такім чынам, што людзі на іх трапіць ня могуць.
spring96.org