Эўрапейскі Зьвяз выдаткаваў 300 тысяч эўра на навучаньне беларускіх чыноўнікаў для стварэньня пляну ўстойлівай мабільнасьці ў Полацку. Ужо прайшло некалькі мерапрыемстваў, што фінансуюцца з гэтых сродкаў з удзелам эўрапейскіх экспэртаў: сэмінар для прадстаўнікоў гарадзкіх службаў, круглы стол з удзелам палачан, паседжаньне працоўнай групы праекту.
Фінансаваньне разьлічанае на тры гады: мяркуецца, што ў 2017 годзе будзе створаны інтэлектуальны плян ўстойлівай гарадзкой мабільнасьці для Полацку. За гэты час будуць дасьледавацца транспартныя і пасажырскія патокі ў Полацку, каб улічыць іх пры складаньні пляну аўтобусных маршрутаў, прыпынкаў грамадзкага транспарту, стаянак для асабістых аўтамабіляў жыхароў гораду. Асаблівую ўвагу прапануецца надаць стварэньню роварных дарожак, каб змусіць грамадзян перасесьці на ровары замест асабістых аўтамабіляў. Як паведаміў мэнэджэр Мясцовай фундацыі «Інтэракцыя» Антон Раднянкоў, у найбліжэйшых плянах гэтага праекту стварэньне ў Полацку першай роварнай дарожкі.
Намесьнік старшыні Полацкага райвыканкаму Сяргей Лейчанкаў на круглым стале заявіў, што ўжо цяпер на 1000 палачан прыпадае 320 асабістых аўтамабіляў, тады як у Эўропе сярэдні паказчык – 370 машын на 1000 чалавек. Жыхары Полацку пакуль не праявілі вялікай зацікаўленасьці да гэтых плянаў гарадзкіх уладаў. На круглым стале прысутнічалі ўсяго зь дзясятак месьцічаў, якія выказвалі свае погляды на праблему мабільнасьці.
Жыхары выказалі меркаваньне, што стварэньня роварных дарожак недастаткова – вялікай праблемай зьяўляецца захоўваньне ровараў для жыхароў шматпавярховых гарадзкіх дамоў. Неабходна будаўніцтва крытых роварных стаянак для круглагоднага захоўваньня ровараў у дварох дамоў, бо ня будзеш жа захоўваць ровар у кватэры на 5 паверсе.
Навучаньне па праграме Эўразьвязу прадугледжвае наведваньне чыноўнікамі гарадоў у Эўропе, якія ўжо рэалізавалі праекты устойлівай мабільнасьці ў сябе ў гарадох.
Грамадзкасьць Полацку неадназначна паставілася да жаданьня эўрапейцаў супрацоўнічаць з полацкімі ўладамі: «Чыноўнікі ад улады з задавальненьнем прымаюць дапамогу Заходняй Эўропы, – сказаў полацкі актывіст, старшыня першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага ААТ "Полацак-Шкловалакно" Віктар Стукаў. – Пры гэтым тыя ж чыноўнікі нэгатыўна выказваюцца пра такую дапамогу Эўропы няўрадавым грамадзкім арганізацыям. Напрыклад, актывісты дэмакратычных прафсаюзаў Полацку пастаянна чуюць папрокі ад начальнікаў: "...вам Захад плаціць..."».
Полацкі райвыканкам. Круглы стол пра мабільнасьць
|
Жыхары Полацку на круглым стале
|
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info