Больш як на 600 мільёнаў рублёў былі завышаныя аб'ёмы будаўнічых работ на аб'ектах сыстэмы аховы здароўя ў Віцебскай вобласьці. Як паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю, такая сытуацыя характэрная для будаўніцтва ўсіх сацыяльна значных аб'ектаў.
Паводле дадзеных Віцебскага аблвыканкаму, толькі ў 2013 годзе на рэканструкцыю дзеючых аб'ектаў аховы здароўя і на будаўніцтва новых вобласьць накіравала каля 300 мільярдаў рублёў. За кошт гэтых сродкаў быў пабудаваны першы дзевяціпавярховы корпус на 300 ложкаў у Віцебскім абласным клінічным шпіталі, у дзіцячым абласным клінічным шпіталі былі адкрытыя шэсьць новых апэрацыйных, а Віцебскі дзяржаўны мэдычны каледж змог рэканструяваць пад студэнцкі інтэрнат будынак былога прафілякторыя. Аднак, як адзначае Камітэт дзяржаўнага кантролю, нягледзячы на існуючую сыстэму кантролю за выдаткоўваньнем бюджэтных сродкаў на сацыяльна значных аб'ектах, практычна на кожным зь іх падчас праверак выяўляюцца завышэньні будаўнічых работ. Ня сталі выключэньнем і аб'екты аховы здароўя ў Віцебскай вобласьці.
Так, Камітэтам дзяржкантролю выяўленыя факты парушэньня заканадаўства з боку прыватнай будаўнічай кампаніі, якая ажыцьцяўляла функцыі падрадчыка пры будаўніцтве аднаго з аб'ектаў аховы здароўя ў Віцебску. Паводле дадзеных КДК, завышэньне кошту будаўнічых работ толькі па адным гэтым аб'екце склала 474 мільёны рублёў. Падчас праверкі супрацоўнікі КДК выявілі, што да аплаты падрадчыкам былі прад'яўленыя работы, выкананьне якіх не прадугледжвалася праектнай дакумэнтацыяй. Таксама заказчык зь незразумелай прычыны аплаціў падрадчыку работы, выкананыя з парушэньнем патрабаваньняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Апроч таго, правяральнікі КДК выявілі, што пры будаўніцтве аб'екту аховы здароўя былі выкарыстаныя матэрыялы, якія не прадугледжаныя праектам. Пры гэтым кошт гэтых матэрыялаў быў значна завышаны ў параўнаньні з рэальным.
Падобную схему выпампоўваньня бюджэтных сродкаў КДК выявіў і пры рэканструкцыі аднаго з раённых шпіталяў Віцебскай вобласьці. Там падрадчык сьпісаў ў адыходы больш за 3 тоны арматуры на суму больш за 87 мільёнаў рублёў. Аналягічна, пры ўладкаваньні агароджы шпіталя падрадчык здолеў завысіць аб'ём сьпісанага мэталу на 2 тоны. Для гэтага спатрэбілася толькі зьмяніць сячэньне мэталічнага квадрату ўсяго на 1 мілімэтар. Таксама падрадчыку была аплачаная ўстаноўка 173 слупоў і 211 сэкцыяў агароджы, хаця насамрэч слупоў было ўсталявана 166, а сэкцыяў - 204. Паводле дадзеных КДК, агульнае завышэньне аб'ёмаў будаўнічых работ на гэтым аб'екце перавысіла 150 мільёнаў рублёў.
У цяперашні час матэрыялы праверак перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі дзеяньням службовых асобаў, падрадчыкаў і заказчыкаў. Як адзначае КДК, для выяўленьня апісаных завышэньняў не патрабавалася якіх-небудзь адмысловых ведаў або навыкаў. Трэба было толькі трымаць вочы расплюшчанымі і добрасумленна выконваць свае абавязкі. Але заказчыкі зь дзіўнай прычыны нічога не заўважалі.
ej.by