Пасьля масавых зваротаў да гарадзкіх уладаў, складаньня інтэрнэт-пэтыцыяў і скаргаў у розныя інстанцыі просьба аматараў актыўнага правядзеньня часу была задаволеная: у зоне адпачынку на набярэжнай Віцьбы больш не прадаюць моцных сьпіртовых напояў.
Гарадзкі аб'ект – набярэжная Віцьбы разам з часткай парку імя Фрунзэ – будаваўся найперш для заняткаў спортам і шпацыраў зь дзецьмі, якія цяпер вымушаны назіраць п'яныя кампаніі і слухаць непрыстойную лаянку. Такі пункт гледжаньня выказалі аўтары інтэрнэт-пэтыцыі на імя старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, і тыя, хто яе падтрымаў.
У звароце вялася размова пра шматлікія харчовыя пункты, дзе гандлююць моцнымі напоямі. І пра тое, што ў сувязі з празьмерным ужываньнем алькаголю на тэрыторыі парку рэгулярна назіраюцца непрыстойныя паводзіны грамадзян. Звароты ў міліцыю таксама дапамагалі далёка не заўжды, і на тэрыторыі зоны адпачынку ці не штодзённа адбываліся правапарушэньні, якія п.1 арт.17.3 КаАП РБ кваліфікуе як "зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў п'яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасьць і маральнасьць".
У сацыяльнай сетцы "УКантакце" была створаная і адмысловая суполка "Я за спартыўную і культурную Віцьбу".
Праўда, пасьля выступу аматараў актыўнага адпачынку неўзабаве зьявіўся і зварот іх апанэнтаў: гандляроў харчовых пунктаў, якіх забарона продажу алькагольных напояў хвалявала пэрспэктывай страціць прыбыткі, а таксама аматараў тых самых напояў, якія прапаноўвалі ролерам і раварыстам падацца кудысьці ў іншае месца, калі суседзтва з кавярнямі ім не падабаецца…
Віцебскія ўлады паспрабавалі дагадзіць і адным і другім: у продажы на тэрыторыі зоны адпачынку пакінулі толькі піва. Аматары здаровага ладу жыцьця лічаць гэта перамогай, хаця і частковай. Прынамсі, цяпер зьнізілася рызыка паўтарэньня інцыдэнтаў, калі грамадзяне ў падпітым стане ладзілі скандалы і нават спрабавалі біцца з падлеткамі і моладзьдзю на роліках… Але факт застаецца фактам: упершыню ў гісторыі гораду жыхары самі выступілі з прапановай абмежаваць у Віцебску тэрыторыю, вольную ад алькаголю. Толькі іх просьбу ў поўнай меры так і не задаволілі, хаця паказьнікі алькагалізацыі насельніцтва ў Віцебску досыць высокія, і гарадзкія ўлады заўжды кажуць, што актыўна працуюць над вырашэньнем гэтай праблемы.
spring96.org