Другое лета запар сьцены аднаго з найбуйнейшых на Віцебшчыне аздараўленчага лягеру "Віцязь" застаюцца пустымі. Справа ў тым, што ва ўласьнікаў няма сродкаў на яго ўтрыманьне. Перадаць базу новаму ўласьніку рашэньне ўжо прынятае, і нават частка карпусоў перададзеная, але водазабесьпячэньне, электрасеткі ўсё яшчэ на балянсе ранейшага ўладальніка.
Кацельня, эстрада, футбольнае поле, дзьве баскетбольныя пляцоўкі. Тэрыторыя - 15 гектараў зямлі. Сем карпусоў, у некаторых нават душавыя ў нумарох. Такой інфраструктурай могуць пахваліцца нямногія аздараўленчыя лягеры ў вобласьці, а гэты прыходзіць у заняпад. Былыя выхавальнікі і бацькі дзяцей б'юць ва ўсе званы.
Дзьмітры Рыжыкаў, жыхар Віцебску, былы важаты: "Калі цяпер ня ўзьняць гэтае пытаньне, то яшчэ пару гадоў - і лягер прасьцей пабудаваць зноўку, чымся рэканструяваць гэты. Пасьля ўрагану абяцалі прыбраць, відаць, ды, на жаль, на ўсё гэта глядзець сумна, балюча і прыкра".
Для аздараўленчага лягеру месца выбралі маляўнічае: сасновы бор на беразе возера, паміж Віцебскам і Воршай. Першая зьмена тут адкрылася ў сярэдзіне 90-х. А апошнімі гадамі ўладальніку - тэлезаводу "Віцязь" - хапала грошай толькі на касмэтычны рамонт.
Апошняй кропляй стаў ўраган ў 2012 годзе, яго наступствы бачныя і сёньня. Тады ж прадпрыемства пачало перадачу лягеру новаму ўласьніку. Гэтая працэдура цягнецца аж дагэтуль. Патлумачыць сытуацыю кіраўніцтва тэлезаводу пагадзілася толькі па тэлефоне. Прычынамі цяганіны назвалі вялікую колькасьць дакумэнтацыі і фінансавыя цяжкасьці.
Ужо другое лета ў аздараўленчым лягеры "Віцязь" не чуваць дзіцячых галасоў. І калі найбліжэйшымі месяцамі новаму ўласьніку ня будзе перададзеная ўся маёмасьць, высокая імавернасьць, што праезд і праход па тэрыторыі лягеру будзе забаронены для адпачывальнікаў і ў наступным годзе.
Лягер мае двух гаспадароў, але гуляе па тэрыторыі толькі вецер. Карпусы належаць аднаму, электрычнасьць, водазабесьпячэньне - другому. Першыя 19 аб'ектаў перайшлі ў ведамства ўпраўленьня адукацыі яшчэ ўзімку 2013 году, але сьпіс уласнасьці заводу "Віцязь" куды шырэйшы: у ім 73 пункты.
Сяргей Арэхаў, намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму: "Мы падпісалі акты прыёмкі яшчэ ў сьнежні, усё астатняе сказалі: будзе вельмі хутка. Усё, што не ўлічана па сьпісе, будзе празь месяц. І вось сытуацыя. Колькі месяцаў прайшло!"
Наперадзе - пошукавыя работы, тэставаньне на спраўнасьць усіх сыстэмаў, потым праектаваньне. Для вырашэньня першарадных задач управе адукацыі выдаткавалі больш як Br2, 5 млрд., заробленых на суботніку. Плянаў шмат: адрамантаваць усе карпусы і наладзіць працу лягеру на працягу ўсяго году. Пачалі з ўстанаўленьня кругласутачнай аховы. На большае няма паўнамоцтваў.
orsha.eu