На Глыбоччыне ўлады перакрылі дарогу, якая вядзе з раённага цэнтру ў вёску Дзеркаўшчына. Гэта зьвязана з пагрозай афрыканскай чумы сьвіней, бо траса праходзіць каля сьвінакомплексу “Маліноўшчына”.
Дарогу спрабавалі перакрыць яшчэ мінулай восеньню, аднак жыхары на гэта ўвагі не зьвярнулі. Хтосьці нават скраў дарожныя знакі, што забараняюць праезд. Сёлета ж улады высыпалі на дарогу тры вялікія прычэпы жвіру. А вось знакаў пра аб’езд не паставілі.
Мясцовыя жыхары аб’яжджаць комплекс ня хочуць і ў сваім змаганьні карыстаюцца не зусім законнымі мэтадамі — зьнішчаюць знакі, што забараняюць праезд. Акрамя таго, вяскоўцы пракапалі праз кучу пяску праезд.
Супрацоўнікі глыбоцкай ДАІ ўсё ж разьмясьцілі знак аб’езду. А каб народ яго зноў ня выкінуў, знак павесілі над дарогай на расьцяжках.
Эўрарадыё