На беразе ўнікальнага возера Балдук у Пастаўскім раёне будуюць праваслаўны храм. Але будуюць насуперак грамадзкай думцы, заканадаўству і прыродзе. Скандальная будоўля пастаянна абрастае новымі дэталямі.
Так, навукоўцы прызналі месца для будаўніцтва геапатагенным, а грамадзкасьць знайшла пацьверджаньні незаконнасьці адвядзеньня зямельнага ўчастку для будаўніцтва. Адмыслоўцы Нацыянальнай акадэміі навук лічаць, што дадатковая нагрузка на возера можа прывесьці да гібелі яго экасыстэмы.
Гэтыя факты, тым ня менш, не спыняюць ініцыятараў будаўніцтва. Віцебская абласная пракуратура і адміністрацыя прэзыдэнта адказваюць на скаргі грамадзкасьці фармальнымі фразамі: «у адпаведнасьці з заканадаўствам».
Возера рызыкуе загінуць
Возера Балдук справядліва называюць пэрлінай беларускага Паазер'я - яно адметнае крышталёва чыстай вадой, вялікай глыбінёй - да 40 мэтраў, і ўнікальным ляндшафтам наўкола. Паўднёвы бераг Балдука належыць да прыроднай тэрыторыі, якая асабліва ахоўваецца, і зьяўляецца часткай Нацыянальнага парку «Нарачанскі».
З Балдуком зьвязана шмат легенд, і штогод туды прыяжджае вялікая колькасьць турыстаў. Турыстычны бум у апошняе дзесяцігодзьдзе стаў прычынай рэзкага пагаршэньня стану возера. Як сьцьвярджаюць эколягі, з-за слабога водаабмену Балдук мае вельмі адчувальную экасыстэму - для таго, каб у возеры цалкам зьмянілася вада, неабходна больш за 30 (!) гадоў.
У адпаведнасьці з заключэньнем НДІ па біярэсурсах ад 2012 году, экасыстэма возера Балдук дэградуе ад нулявой да чацьвёртай ступені, якая характарызуецца незваротнымі працэсамі, менавіта з-за высокай антрапагеннай нагрузкі, гэта значыць, з прычыны чалавечага чыньніку.
Каб спыніць гібель возера, навукоўцы Акадэміі навук рэкамэндавалі нацпарку «Нарачанскі» абмежаваць наведваньне турыстычнай стаянкі на паўднёвым беразе Балдука выходнымі днямі ў летні час і скараціць колькасьць наведвальнікаў да 30 чалавек у дзень.
Аднак нацпарк не выконваў гэтую рэкамэндацыю. Як сьцьвярджае каардынатар экалягічнай групы «Балдук», экс-дырэктар заказьніку «Сарачанскія азёры» Ігар Пастухоў, апошнімі гадамі на стаянцы на паўднёвым беразе возера летам адпачывалі да 300 чалавек на дзень.
«Чалавек, які разава выкупаўся ў возеры, прыносіць туды каля 150 мг фосфару, ня лічачы фасфатнага забруджваньня ад вымытых ў возеры турыстычных кацялкоў і рондаляў. Памножце гэта на 300 і дадайце да гэтага яшчэ сто чалавек - прыкладна столькі паломнікаў будуць наведваць царкву, і мы атрымаем кактэйль, ад якога возера ў найбліжэйшай будучыні рызыкуе загінуць. І гэты працэс ужо пачаўся», - пракамэнтаваў Ігар Пастухоў.
Эколяг адзначае, што да забруджваньня вады турыстамі апошнімі гадамі дадаліся факты актыўнага будаўніцтва, якое суправаджаецца незаконнымі высечкамі дрэў. Быў зафіксаваны і выпадак вываду сьцёкавай трубы ад адной зь сядзібаў наўпрост у возера.
Непавага да гісторыі і традыцыяў краю
Сталічны бізнэсовец Мікалай Раманевіч, ініцыятар узьвядзеньня царквы, які нядаўна пабудаваў сабе лецішча ў выглядзе комплексу катэджаў каля вёскі Вайшкуны, абраў для будаўніцтва храму на беразе возера самы высокі пагорак, зь якога добра праглядаецца мясцовасьць. Гэта значыць, што і сама царква будзе добра відаць амаль зь любой кропкі возера і яго прыбярэжнай паласы.
Тыпавое архітэктурнае рашэньне, распрацаванае на замову Раманевіча, будзе рэзка кантраставаць зь мясцовай архітэктурнай традыцыяй, лічыць вядомы беларускі архітэктар Вадзім Гліньнік.
«Купалы ў выглядзе цыбулін і архітэктурная стылістыка, прапанаваная для гэтай царквы, уласьцівыя для традыцыяў цэнтральнай Расеі, але ніяк не для гэтага краю. Са зьяўленьнем гэтага будынку мясцовы культурны ляндшафт страціць сваю каштоўнасьць. А ў вёсцы Вайшкуны сустракаюцца хаты, якім больш за сто гадоў, характэрнага для гэтай мясцовасьці стылю», - адзначае экспэрт.
Гіблае месца
Ня так даўно, у траўні 2014 году, адмыслоўцы міжнароднага грамадзкага Камітэту кантролю, дасьледаваньня, папярэджаньня і ліквідацыі наступстваў прыродных і некаторых экалягічных катастроф дасьледавалі месца для будаўніцтва царквы на прадмет геамагнітных анамаліяў.
Біяфізык Галіна Раманенка разам з калегамі, сярод якіх былі і ўкраінскія навукоўцы, двойчы праводзіла неабходныя вымярэньні сертыфікаванымі прыборамі. Высьветлілася, што па меркаваным месцы будаўніцтва праходзіць геалягічны разлом, які спарадзіў геамагнітную анамалію. Як тлумачыць Раманенка, Балдуцкая геамагнітная анамалія падобная да Хоперскай, Варонескай і Ўральскай у Расеі.
На думку адмыслоўца, на гэтым узгорку нельга будаваць, а тым больш храм, там наогул не рэкамэндуецца доўга знаходзіцца чалавеку - такое заключэньне навукоўцы накіравалі ў траўні ў Віцебскі аблвыканкам і ў Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт.
Мясцовыя жыхары: участак выдзелены з парушэньнямі закону
Паводле інфармацыі, атрыманай мясцовымі жыхарамі ад Лынтупскага сельсавету, у вёсках Вайшкуны і Станчыкі, як мінімум у апошнія дзесяць гадоў, участкі пад забудову вылучаліся ў адсутнасьць архітэктурных плянаў гэтых населеных пунктаў, што, падкрэсьліваюць мясцовыя жыхары, супярэчыць прадугледжанаму дзейным заканадаўствам парадку выдзяленьня зямельных участкаў пад забудову.
Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што гэтае парушэньне тычыцца і адводу ўчастку пад пабудову царквы. Яны знайшлі і іншыя неадпаведнасьці закону пры выдзяленьні зямлі для гэтага культавага збудаваньня. Так, грамадзкія абмеркаваньні Ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе праекту царквы ня ладзіліся, што зьяўляецца парушэньнем дзейнага заканадаўства, і, найперш, Орхускай канвэнцыі.
Аднак, пераходзячы ад дэталяў да галоўнай праблемы, жыхары вёскі Станчыкі адзначаюць, што ўчастак зямлі быў выдзелены «на падложнай падставе». Як вынікае з матэрыялаў дзяржэкспэртызы праекту царквы, падставай для адводу зямлі пад будаўніцтва стала «просьба праваслаўных вернікаў вёскі Станчыкі Лынтупскага сельсавету». Аднак у Станчыках жывуць усьцяж каталікі, якія пра будаўніцтва праваслаўнай царквы нікога не прасілі.
Бераг запаведнага возера раптам стаў тэрыторыяй Пастаўскай праваслаўнай абшчыны
Праваслаўная абшчына «Парафія храму Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца» гораду Паставы атрымала ўчастак у вёсцы Станчыкі, каля возера Балдук яшчэ ў 2011 годзе. Ад Паставаў да ўчастку - каля сарака кілямэтраў, як мінімум дзесяць зь якіх пралягаюць па прасёлкавых дарогах, і грамадзкі транспарт туды ня ходзіць.
Згодна зь дзейным заканадаўствам рэлігійная абшчына можа будаваць культавыя будынкі толькі на тэрыторыі, пазначанай у яе статуце. Пастаўская абшчына зьмяніла свой статут у лістападзе 2010 году, уключыўшы туды аддаленую вёску Станчыкі. Віцебскі аблвыканкам зацьвердзіў гэтыя зьмены 17 студзеня 2011 году.
Як лічаць жыхары вёскі Станчыкі, для такога кроку не было законных падстаў, паколькі ў самой вёсцы і паблізу пастаянна пражывае ня больш за 5-6 чалавек і ўсе яны каталікі. А ў адпаведнасьці з законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» для пашырэньня тэрыторыі дзейнасьці абшчыны на той ці іншы населены пункт неабходна наяўнасьць у ім вернікаў, якія пастаянна пражываюць там, гэтай самай рэлігійнай канфэсіі.
Жыхары вёскі Станчыкі накіравалі ў Віцебскую пракуратуру лісты-паведамленьні пра тое, што яны вызнаюць каталіцкую веру і не ўваходзяць у склад абшчыны. Але замест праверкі акалічнасьцяў пашырэньня яе тэрыторыі, Віцебская пракуратура перанакіравала гэтыя лісты ў Віцебскі аблвыканкам, які парэкамэндаваў жыхарам вёскі зьвярнуцца ў Пастаўскую праваслаўную парафію з просьбай памяняць яе статут. Гэты адказ Віцебскага аблвыканкаму быў прызнаны намесьнікам упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Ўладзімерам Ламекам адпаведным нормам закону.
Ці чытае лісты прэзыдэнт і што вырашае яго адміністрацыя?
Адказы Віцебскага аблвыканкаму і Віцебскай пракуратуры прымусілі мясцовых жыхароў зьвярнуцца наўпрост да прэзыдэнта. Разам з аргумэнтамі супраць будаўніцтва царквы ў водаахоўнай зоне ўнікальнага возера, аўтары ліста прыклалі больш за 80 подпісаў на карысьць пераносу месца будаўніцтва праваслаўнай царквы ў найбліжэйшы гарадзкі пасёлак Лынтупы, дзе пастаянна жывуць праваслаўныя вернікі.
Празь некалькі дзён гэта ліст быў перанакіраваны ў апарат Савету міністраў, а яшчэ празь некалькі дзён - у Віцебскі аблвыканкам.
«Няўжо функцыі адміністрацыі прэзыдэнта зводзяцца толькі да перанакіраваньня лістоў скаржнікаў у тыя арганізацыі, на якія яны скардзяцца?», - зьдзіўляюцца жыхары вёскі Станчыкі.
Ці магчымы перанос будаўніцтва ў іншае месца?
Удзельнікі экалягічнай групы «Балдук» лічаць, што гэтай канфліктнай сытуацыі магло б і ня быць, калі б мясцовыя ўлады падчас прыняцьця такіх далікатных рашэньняў, як будаўніцтва культавых збудаваньняў, улічвалі думку насельніцтва.
Ініцыятыўная экалягічная група «Балдук» была сфармаваная 10 траўня гэтага году на сходзе мясцовых жыхароў. У гэтым сходзе таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі Лынтупскага пасялковага савету, Пастаўскага райвыканкаму, экалягічных грамадзкіх аб'яднаньняў «Экадом», «Зялёная сетка», АПБ.
Па выніках сходу жыхары правялі галасаваньне, якое паказала, што пераважная большасьць выказваецца за перанос месца будаўніцтва праваслаўнай царквы ў гарадзкі пасёлак Лынтупы. У гэтым населеным пункце пражывае больш за 1500 чалавек, і дагэтуль няма царквы.
Гэтае хадайніцтва было разгледжанае Віцебскім аблвыканкамам. Паводле інфармацыі групы «Балдук», адказам стала парада аблвыканкаму зьвяртацца ў Пастаўскую праваслаўную абшчыну.
«Але ж функцыя аддзелу па рэлігіях і нацыянальнасьцях Віцебскага аблвыканкаму і палягае ў тым, каб не даводзіць справу па рэлігійных пытаньнях да суду і спрыяць мірнаму вырашэньню спрэчных пытаньняў», - кажа жыхар вёскі Станчыкі Мікалай Івашын.
Праблема ў разуменьні хрысьціянства
Як адзначае экалягічная актывістка Тацьцяна Новікава, праблема з будаўніцтвам царквы ня толькі экалягічная, але і сьветапоглядная. Сустрэча з ініцыятарам будаўніцтва храма Мікалаем Раманевічам не пакінула ў яе сумненьняў у тым, што ён шчыры вернік. Аднак, паводле яе слоў, вялікае пытаньне ў тым, што чалавек уважае за служэньне Госпаду.
«Па адной зь легенд, Францішак з Асізі прапаведваў птушкам. У раёне возера Балдук няма каму прапаведаваць Эвангельле за выняткам мясцовай фаўны і некалькіх дачнікаў, - камэнтуе яна. - Турыстычны бум тут бывае толькі летам».
Францішак з Асізі, мяркуе Новікава, здолеў данесьці да птушак Слова Божае не таму, што ён пабудаваў царкву ў пустэльным месцы, а таму што ён верыў у Хрыста і трымаўся яго запаведзяў малітвай і аскезай.
«А калі думка пра пропаведзь наведала яго, то ён сам пайшоў да людзей. Сучасныя ж "прапаведнікі" шукаюць камфорту ў месцах адасобленых. Але вось толькі ці змогуць яны наблізіцца да Госпада, забрукаваўшы пліткай запаведныя куткі Беларусі, зьнішчыўшы ўнікальны ляндшафт, дый ці ў гэтым заключаецца хрысьціянская місія?» - задае пытаньне эколяг.
naviny.by