Віцебская абласная рада грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” зьвярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна.
У сваім звароце віцебскія сябры ТБМ адзначаюць вялікі ўклад у разьвіцьцё Беларусі, які ўнёс Генадзь Мікалаевіч Бураўкін як паэт, дзяржаўны і грамадзкі дзеяч. Усё яго жыцьцё – прыклад самаадданага служэньня сваёй Радзіме,— падкрэсьліваецца ў лістох.
Для ўшанаваньні памяці славутага земляка ТБМ прапануе наступнае:
Выдаць у дзяржаўным выдавецтве да 80-годзьдзя паэта выбраныя яго творы;
Усталяваць у Менску на доме, дзе жыў Генадзь Бураўкін, мэмарыяльную дошку;
Назваць у гонар Генадзя Бураўкіна вуліцы ў Менску, Полацку, Расонах;
Прысвоіць імя Генадзя Бураўкіна адной зь бібліятэк на радзіме паэта (на Віцебшчыне).
Нагадаем, што Генадзь Мікалаевіч пайшоў з жыцьця 30 траўня 2014 году.
vitebsk.cc