Як мы пісалі раней, 24 чэрвеня у Полацку зь вялікім посьпехам адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова «Ад Полацка пачаўся сьвет. My Polacak, the Cradle of the World». Але, як паведаміў пісьменьнік, сьвяточнае ўражаньне ягоных сяброў і чытачоў было азмрочанае барбарскай вылазкай беларусафобаў.
Магчыма, якраз у тыя хвіліны, калі ў Музэю беларускага кнігадрукаваньня гучалі выступы Ўладзімера Арлова, выдаўца кнігі Сяргея Плыткевіча і яе фундатара Паўла Бераговіча, а беларускія музыкі выконвалі старадаўнія мэлёдыі, зусім побач з музэем хтосьці, узброіўшыся кувалдай, зь лютасьцю крышыў надпіс на адным з полацкіх помнікаў.
Гаворка ідзе пра матэрыяльнае ўвасабленьне літары «Ў». На гэтым унікальным культурным аб’екце, разьмешчаным у самым цэнтры гораду, на праспэкце Францішка Скарыны, адлітыя ў мэтале радкі Рыгора Барадуліна:
Ад ЕЎфрасінні, ад Скарыны,
Ад Полацка пачаўся свет.
Пасьля сьмерці народнага паэта яны пачалі ўспрымацца як першы своеасаблівы помнік выдатнаму майстру беларускага слова. Цяпер ад барадулінскіх радкоў ацалелі толькі асобныя літары. Уладзімер Арлоў мяркуе, што трэба ня проста аднавіць надпіс, але і распачаць супраць вандалаў-беларусафобаў крымінальную справу.
Наша Ніва