Больш за два дзесяткі жанчын узялі ўдзел у асьветніцкім сэмінары, прысьвечаным тэме рознага кшталту гвалту ў сям'і. Прадстаўніцы слабага полу пазнаёміліся з паняцьцем «гендэр», навучыліся адрозьніваць віды гвалту, пачулі статыстыку яго праяваў у беларускіх сем'ях. Прамаўляла ня толькі вядоўца сэмінару – старшыня Барысаўскага жаночага сацыяльнага аб'яднаньня «Правінцыя» Аўтушка Алена Мікалаеўна, але і самі ўдзельніцы: прыводзілі прыклады, дзяліліся сваім меркаваньнем.
Вельмі важнай і карыснай аказалася інфармацыя пра тое, як здолець абараніць сябе ад гвалтаўніка ў доме: якія прымаць рашэньні, куды зьвяртацца, на якія законы спасылацца. Дзяўчаты асабліва зацікавіліся спэцыяльным тэстам, па якім можна вызначыць чалавека, схільнага да гвалту, яшчэ ў пачатку знаёмства і сяброўства. Пры канцы сэмінару Алена Мікалаеўна раздала ўлёткі з тэлефонам гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту, а таксама нумарам крызыснай лініі.
orsha.eu