Прапанова аб стварэньні ў Віцебску арэнднага або сацыяльнага шматкватэрнага дому для ўцекачоў з роўным фінансавым удзелам Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў (УВКУ) і мясцовых уладаў будзе разгледжаная на ўзроўню міжнароднай арганізацыі, паведаміла намесьнік начальніка ўпраўленьня занятасьці насельніцтва камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму Людміла Зайцава. Гатоўнасьць разгледзець такі варыянт дапамогі вымушаным мігрантам агучыў прадстаўнік УВКУ у Рэспубліцы Беларусь Жан Іў Бушардзі.
19-20 траўня Жан Іў Бушардзі пабываў з азнаямленчым візытам у Віцебску, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам вобласьці, прадстаўнікамі розных упраўленьняў, грамадзкіх арганізацыяў і абмеркаваў пытаньні падтрымкі найбольш уразьлівых катэгорыяў уцекачоў.
Адной з надзённых праблем застаецца выдача пасьведчаньняў на жыхарства. Многія замежныя грамадзяне прыбываюць цэлымі сем'ямі і сутыкаюцца зь цяжкасьцямі пры пошуку здымнага жытла. Зьяўленьне адмысловага шматкватэрнага дому для вымушаных мігрантаў стала б выдатным спосабам падтрымаць іх. Гэта можа быць як будаўніцтва з нулявога цыклу, так і капітальны рамонт будынку, які не выкарыстоўваецца.
Пакуль жа значную дапамогу ў вырашэньні жыльлёвага пытаньня аказвае пункт часовага пасяленьня уцекачоў. Гэта адзіны такі аб'ект у краіне. З моманту адкрыцьця ў 2002 годзе ў пункце пражывалі каля 400 чалавек. Сёньня тут знайшлі прытулак 19 замежнікаў, якiя хадайнiчаюць аб дачы статусу уцекача і атрыманьні дадатковай абароны, у той час як усяго такіх заявак пададзена 50. У асноўным гэта грамадзяне Афганістану, астатнія - адзінкавыя прадстаўнікі Грузіі, Конга, Палестыны і іншых краін. Аднак грамадзяне, якія падалі хадайніцтва на атрыманьне статусу ўцекача, могуць знаходзіцца ў пункце толькі на час правядзеньня праверкі іх асобы - ад 3 месяцаў да году.
Разам з тым ім аказваецца і іншая падтрымка, накіраваная на інтэграцыю замежных грамадзян зь ліку ўцекачоў у беларускае грамадзтва. Напрыклад, год таму Віцебская вобласьць двойчы ўдзельнічала ў конкурсах, якія праводзяцца УВКУ на лепшыя сацыяльныя праекты, і выйграла гранты. Зь іх дапамогай было закупленае абсталяваньне для стварэньня двух працоўных месцаў у ААТ "Віцебскхлебпрам" і васьмі - у ААТ "Чырвоны Кастрычнік".
Жан Іў Бушардзі пабываў на абодвух прадпрыемствах і пагутарыў з замежнымі працаўнікамі зь ліку ўцекачоў і тых, хто хадайнiчае аб атрыманьні гэтага статусу. На "Віцебскхлебпраме" цяпер працуе адзін сырыец, на абутковым прадпрыемстве - 6 выхадцаў з Конга, Эгіпта, Сырыі, Ірану, Банглядэш і Сьера-Леонэ. Некаторыя зь іх ужо авалодалі новымі апэрацыямі, павысілі кваліфікацыю.
Прадстаўнік УВКУ адзначыў рэальныя вынікі ўзаемадзеяньня міжнароднай арганізацыі і органаў улады, у прыватнасьці, камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне аблвыканкаму, службы па кансультаваньні ўцекачоў, абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. З улікам гэтага, а таксама выкарыстаньня атрыманага фінансаваньня па прызначэньні было падпісанае пагадненьне аб перадачы права ўласнасьці на актывы УВКУ ААН. У выніку абсталяваньне, якое год знаходзілася ў карыстаньні камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне, перайшло ў камунальную ўласнасьць. Аналягічны дакумэнт падпісаны і ў дачыненьні да грамадзяніна Афганістану, які арганізаваў у Віцебскім раёне фэрмэрскую гаспадарку. Раней за кошт гранту УВКУ для яго быў набыты трактар, які цяпер перайшоў ва ўласнасьць фэрмэра.
БелТА