У Віцебскім раёне яшчэ канчаткова ня вырашанае пытаньне з адловам безнаглядных жывёл у населеных пунктах. Спэцаўтабаза г. Віцебску, якая ажыцьцяўляе яго, ня ў стане задаволіць усе заяўкі, што паступілі ў сувязі з адсутнасьцю заключаных дамоваў непасрэдна зь сельскімі саветамі. Вось і атрымліваецца, што не гаспадары ў адказе за тых, каго яны прыручылі, а жыльлёва-камунальная і іншыя службы.
Бяздомнымі жывёл робяць людзі, якія, нагуляўшыся з сабачкай ці коцікам, выстаўляюць іх за дзьверы. Калі пашанцуе, на вуліцы бадзяжныя чацьвераногія могуць знайсьці сабе гаспадароў, але гэта хутчэй выключэньне з правілаў. Астатнія разводзяць патомства, плодзячы такіх самых ахвяр акалічнасьцяў. Яны, згодна з п. 17 Правілаў утрыманьня хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, зацьверджаных пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.06.2001 г. № 834, у тым ліку з ашыйнікамi, жэтонамі і ў намысьніках, падлягаюць адлову. Калі своечасова гэтага не зрабіць, то жывёлы могуць прынесьці чалавеку ня проста непрыемнасьці, але і праз кантакт «узнагародзіць» цэлым «букетам» хвароб. У прыватнасьці, таксаплязмозам, што вельмі небясьпечны для жанчын, і найнебясьпечнейшай - шаленствам.
Па зьвестках Віцебскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі за чатыры месяцы бягучага году па мэдычную дапамогу з прычыны укусаў і абдрапаньняў у лячэбныя ўстановы зьвярнуўся 31 чалавек. Калі прасачыць геаграфію зваротаў, то найбольш часта паступае трывожная інфармацыя ад жыхароў прыгарадных населеных пунктаў Бабінічы, Тулава, Альгова, Сакольнікі.
Гэтыя адрасы добра знаёмыя і УП ЖКГ «Віцрайкамгас». Паводле слоў інжынэра групы добраўпарадкаваньня прадпрыемства Вольгі Трубячковай, з пачатку гэтага году заяўкі на адлоў бадзяжных жывёл паступілі ад старшыняў Бабініцкага, Воранаўскага, Заронаўскага сельскіх саветаў, а таксама былі перададзеныя па кампэтэнцыі зь Віцебскага РАУС. Усяго шэсьць зваротаў. За 12 месяцаў мінулага году іх колькасьць склала каля 30.
Пакутуе ад безнаглядных жывёл свойская быдла і птушка. Так, літаральна на днях у «Віцрайкамгасе» разьбіралі зварот аб тым, што ў Альгова бадзяжны сабака напаў на казу і курэй мясцовай жыхаркі, чым нанёс ёй матэрыяльную шкоду.
У шмат якіх выпадках гаспадары братоў нашых меншых пагарджаюць правіламі іх утрыманьня, у якіх прапісана: «Уладальнікі сабак, катоў абавязаныя выводзіць у выпадку патрэбы сабак з кватэр ці іншых ізаляваных памяшканьняў, а таксама з ізаляваных тэрыторыяў у месцы агульнага карыстаньня на кароткім павадку і ў намысьніку, за выключэньнем шчанюкоў ва ўзросьце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25-ці цантымэтраў у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намысьніку. Уладальнікам сабак, катоў забараняецца выгульваць сабак на прыдамавых тэрыторыях». Гаспадары ж часьцяком на ноч адпускаюць сваіх гадаванцаў пагуляць на сяло, а нярэдка і весьнічкі не замыкаюць, а потым наракаюць на «злога сабаку», які спагнаў свой люты нораў на мінакоў. Але ж «уладальнікі сабак, катоў абавязаныя строга выконваць санітарна-гігіенічныя правілы і нормы іх утрыманьня, забясьпечваць бясьпеку людзей, не дапускаць забруджваньня гэтымі жывёламі агульнадаступных месцаў».
Як адзначае лекар-эпідэміёляг ВЗЦГіЭ Галіна Крывалап, немалаважным ў пытаньні належнага ўтрыманьня хатніх жывёл зьяўляецца іх своечасовая вакцынацыя супраць шаленства. Яе ладзіць раённая вэтэрынарная станцыя, прычым бясплатна. За чатыры месяцы бягучага году прышчэплена 1043 сабакі і 497 катоў. Вакцыны расейскай вытворчасьці «трымаюць» імунітэт цягам году, таму цяпер ладзіцца рэвакцынацыя леташняй «красавіцкай групы» жывёл.
- Да шаленства ў асноўным схільныя дзікія жывёлы, а ня тыя, што каля дома на прывязі. А вось безнаглядных, а таксама ліс, янотаў «на іголку не пасадзіш». Сёлета зарэгістраваны выпадак зьяўленьня ў вёсцы Засьценкі Задуброўскага сельсавету шалёнага янота, - зьвяртае ўвагу на актуальнасьць праблемы намесьнік начальніка райвэтстанцыі Аляксандар Маслакоў.
Завесьці вэткарткі на дзікіх жывёл, вядома, не магчыма, а вось на хатніх улюбёнцаў цалкам рэальна. Перш як «абвясьціць вайну» бадзяжным сабакам і катам, адмыслоўцы зьвяртаюць увагу ўладальнікаў чатырохногіх гадаванцаў на тое, што яны самі могуць паўплываць на сытуацыю, якая складваецца. У першую чаргу, перагледзець культуру стаўленьня да жывёл і несьці за іх адказнасьць.
Жыццё Прыдзвіння