Вадзім Драздоў ужо некалькі гадоў жыве ў Швэйцарыі, але да падзеяў на Беларусі ён неабыякавы. Таму заснаваў незалежны інтэрнэт-рэсурс freeregion.info, дзе зьмяшчаюцца крытычныя матэрыялы на палітычныя тэмы, а таксама вядуць свае блогі вядомыя ў рэгіёне асобы. Нядаўна стала вядома, што міліцыя праводзіць праверку, ці не парушыў Вадзім Драздоў беларускае заканадаўства.
Пра тое, што вядзецца праверка, Вадзім Драздоў даведаўся ад адваката, нанятага ягонымі сваякамі. Але што за высновы зрабілі наваполацкія міліцыянты, так і застаецца таямніцай, кажа Драздоў:
"Здаецца, тэрміны праверкі некалькі разоў працягвалі, бо яна праводзіцца на працягу ўжо больш як 40 дзён. Міліцыя ўсё яшчэ нешта шукае: мне паведамілі, што ў пачатку траўня супрацоўнікі прыходзілі да майго бацькі – у кватэру, дзе я прапісаны. Распытвалі пра мяне, пыталіся, ці мае ён кампутар. Потым хадзілі па суседзях, тлумачылі ім, што я "выступаю супраць Лукашэнкі", распытвалі, ці даўно мяне бачылі, і што могуць пра мяне распавесьці. Складалі пратаколы апытаньняў, напалохалі людзей, зь якімі наша сям'я мірна жыла побач амаль 25 гадоў!"
Паводле Вадзіма Драздова, праверка ў дачыненьні да ягонай асобы вядзецца з пачатку красавіка. Паводле зьвестак, атрыманых ад адваката, супрацоўнікі міліцыі пільна зацікаваліся сайтам freeregion.info, заснавальнікам якога зьяўляецца Вадзім Драздоў.
"А таму праверка праводзіцца з мэтай высьветліць, ці не падпадае зьмест некаторых крытычных артыкулаў на нашым сайце пад крымінальны артыкул 369-1 "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь". Яшчэ вядзецца і пра іншае – пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адказнасьць за гэта прадугледжаная крымінальным артыкулам 193-1", – кажа актывіст.
Ён зьвяртае ўвагу не тое, што думкі пра заснаваньне сайту зьявіліся разам з ідэяй стварыць грамадзкае аб'яднаньне "Свабодны рэгіён". Зараз існуе аргкамітэт па стварэньні гэтай суполкі. Адным з актывістаў зьяўляецца аўтар шэрагу матэрыялаў на аднайменным сайце, Яўген Парчынскі. Вядома, што і ён таксама апошнім часам трапіў у поле зроку мясцовай міліцыі.
На думку Вадзіма Драздова, якраз існаваньне незалежнага інтэрнэт-рэсурсу стала падставай для праверак:
"У нас ёсьць сталыя чытачы, некаторыя зь іх дасылаюць нам для публікацыі сапраўдныя дакумэнты, агалошваньне якіх не да спадобы ўладам. Таксама ў нас ёсьць некалькі блогаў, дзе пішуць вядомыя ў рэгіёне асобы, у прыватнасьці "лекар-праўдаруб" Ігар Пастноў, якога летась прымусова накіравалі ў "псыхушку" пасьля шэрагу крытычных выступаў… Блогерамі зьяўляюцца журналісты і грамадзкія актывісты з розных рэгіёнаў усёй Віцебскай вобласьці. Яны пішуць дастаткова рэзка і крытычна. Адсюль – і ўвага з боку міліцыі, якая добра ведае, што я ўжо ня першы год жыву ў Швэйцарыі. Але старанна высьвятляе, якія стасункі ў мяне засталіся ў Беларусі".
spring96.org
Фота: freeregion.info