Паводле высноваў адмыслоўцаў з грамадзкай арганізацыі «Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі», падставаў для прымусовай шпіталізацыі віцебскага «лекара-праўдаруба» ў «псыхушку» не было. У красавіку Ігар Пастноў езьдзіў у Маскву на незалежны агляд, бо імкнуўся аспрэчыць дыягназ, пастаўлены яму віцебскімі псыхіятрамі. Таксама ён імкнуўся спраўдзіць, ці была неабходнасьць «ізаляваць» яго ад грамадзтва шляхам прымусовага зьмяшчэньня ў псыхіятрычнае аддзяленьне паводле рашэньня суду.
Віцебскі лекар прайшоў шэраг мэдычных тэстаў і атрымаў пісьмовы дакумэнт, які зь ягонага дазволу апублікаваны на незалежным інтэрнэт-рэсурсе freeregion.info. Паводле высноваў незалежных расейскіх экспэртаў, дыягназ віцебскіх псыхіятраў — «параноіднае разладзьдзе асабовасьці з устойлівымі квэрулянцкімі тэндэнцыямі» — выклікае сумневы, бо ў Ігара Пастнова «ніколі не было ніякай падазронасьці, нядобразычлівага або насьцярожанага стаўленьня да навакольных». А імкненьне аднавіць справядлівасьць, барацьба за правы іншых людзей — гэта рыса ягонага характару, на думку адмыслоўцаў з грамадзкай арганізацыі «Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі».
«Такім людзям, за кошт гэтых іхных не заўсёды прыемных асаблівасьцяў, мы абавязаныя прарывам закасьцянелых стэрэатыпаў нашага бюракратычнага ладу», — пішуць расейскія псыхіятры. Яны падкрэсьліваюць, што звышкаштоўнай ідэяй для Пастнова заўжды было адстойваньне інтарэсаў іншых людзей і што гэта нельга разглядаць як «квэрулянцкія тэндэнцыі» — інакш кажучы, як імкненьне шляхам пісаньня скаргаў, зваротаў у вышэйшыя інстанцыі дасягнуць нейкіх уласных карысьлівых мэтаў. Дзейнасьць Ігара Пастнова псыхіятры кваліфікуюць як «праваабарончую», згадваючы ягоныя відэавыступы праз youtube.com з крытыкай на адрас мясцовых уладаў і стану мэдычных установаў вобласьці.
Адмыслоўцы лічаць, што для прымусовага зьмяшчэньня Ігара Пастнова на псыхіятрычнае лекаваньне ў жніўні мінулага году не было дастатковых падставаў. Бо ягоны стан адлюстроўваў толькі абвастрэньне рысаў ягонага характару і ані не ўяўляў небясьпекі ні для грамадзтва, ні для яго самога. Псыхіятры зьвяртаюць увагу і на парушэньне правоў Ігара Пастнова пры зьмяшчэньні ў «псыхушку»: яго забралі туды проста з працы — зь іншага аддзяленьня абласнога шпіталя, у якім ён на той час працаваў, не далі магчымасьці прысутнічаць на судзе, зьвязацца з адвакатам, паведаміць пра сваё становішча блізкім людзям.
Віцебскага «лекара-праўдаруба» забралі ў псыхіятрычнае аддзяленьне 16 жніўня мінулага году, 20 жніўня суд санкцыянаваў для яго прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне, якое ён праходзіў на працягу месяца. 29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Пастнова вязьнем сумленьня. 2 верасьня была прынятая сумесная заява БХК і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. Беларускія праваабаронцы заклікалі кампэтэнтныя органы «неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псыхіятрычнага стацыянару і перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разгляду».
Аднак аспрэчыць рашэньне Віцебскага райсуду дагэтуль не ўдалося. Таму Ігар Пастноў накіраваў скаргу ў Камітэт па правох чалавека ААН.
Радыё Свабода