Крымінальная справа аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі былым начальнікам Віцебскай абласной управы Дзяржпрамнагляду перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўправы СК Беларусі па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.
Управай Сьледчага камітэту Беларусі па Віцебскай вобласьці завершанае расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы. У выніку супрацьпраўных дзеяньняў колішняга начальніка нанесеная маёмасная шкода Віцебскай абласной управе Дзяржпрамнагляду, а таксама істотная шкода дзяржаўным інтарэсам, якая выразілася ў дыскрэдытацыі і падрыве аўтарытэту дзяржаўнай арганізацыі.
Абвінавачаны цягам некалькіх апошніх гадоў сыстэматычна даваў распараджэньні падначаленым работнікам аб складаньні падробленых загадаў аб яго камандзіраваньні ў розныя гарады краіны. Пасьля чаго асабіста падаваў у фінансавую службу Віцебскай абласной управы Дзяржпрамнагляду фіктыўныя дакумэнты, якія пацьвярджалі факт яго знаходжаньня ў камандзіроўцы. Аднак фактычна абвінавачаны ў дні фіктыўнага камандзіраваньня нікуды не выяжджаў, пры гэтым рэгулярна на свой карт-рахунак атрымліваў грашовыя сродкі ў якасьці кампэнсацыі нібыта панесеных ім камандзіровачных выдаткаў.
Апроч таго, кіраўнік абласнога ўзроўню неаднаразова выкарыстоўваў заправачную электронную карту зь бюджэтнымі сродкамі Віцебскай абласной управы Дзяржпрамнагляду ў асабістых мэтах. Перадаваў яе сваёй дачцэ, якая сыстэматычна ажыцьцяўляла запраўку свайго асабістага аўтамабіля за кошт дзяржаўных сродкаў. Адначасова абвінавачаны выкарыстоўваў для захоўваньня асабістых аўтамабіляў арандаваныя за кошт сродкаў дзяржаўнай арганізацыі (Віцебскай абласной управы Дзяржпрамнагляду) гаражы. А падчас правядзеньні рамонтных работ ва ўласным гаражы прыцягваў у працоўны час для дастаўкі будаўнічых матэрыялаў і выкананьня іншых паслуг падначаленых яму работнікаў управы, якія выкарыстоўвалі пры гэтым службовы аўтатранспарт.
Кваліфікуючы дзеяньні службовай асобы, сьледчыя прынялі рашэньне аб прад'яўленьні канчатковага абвінавачаньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт.210 (крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі), арт.424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі).
Пры вытворчасьці папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе былі выяўленыя прычыны і ўмовы, якія спрыялі зьдзяйсьненьню злачынства карупцыйнай накіраванасьці. У сувязі з чым у Дэпартамэнт па наглядзе за бясьпечным вядзеньнем работ у прамысловасьці Міністэрства па надзвычайных сытуацыях ўнесенае прадстаўленьне аб прыняцьці мер па ліквідацыі выяўленых парушэньняў. Кіраўніцтву дэпартамэнту паказана на ўзмацьненьне кантролю за забесьпячэньнем належнага выкананьня падпарадкаванымі супрацоўнікамі службовых абавязкаў, у выпадку ж выяўленьня фактаў парушэньняў заканадаўства паказана на прыняцьце неадкладных мер рэагаваньня па прыцягненьні вінаватых асоб да вызначанай законам адказнасьці.
БелТА