Настаўнік зь Бешанковічаў, паэт і бард Георгі Станкевіч падаў касацыйную скаргу на рашэньне раённага суду, які 3 красавіка аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь за выраб і распаўсюд газэты "Крывінка", якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка. Аднак сам Станкевіч ня змог прыехаць на разгляд скаргі. Судзьдзя Сьвятлана Іванова праігнаравала тую акалічнасьць, што ў судовай залі сабраліся неабыякавая да выніку людзі, віцебскія праваабаронцы, і ня стала разглядаць справу публічна.
Праваабаронца Павал Левінаў пакінуў запіс у кнізе скаргаў. Ён лічыць, што судзьдзя парушыла права Георгія Станкевіча на разгляд справы ў адкрытым судзе на публічным працэсе: “Мы сказалі судзьдзю, што мы ёсьць у залі, і што мы чакаем выніку, хаця сам Георгі Станкевіч прыехаць ня змог. Аднак гэта на судзьдзю не паўзьдзейнічала. Цяпер пра вынік мы даведаемся толькі пасьля таго, як Георгі Станкевіч атрымае судовае рашэньне па пошце. Касацыйную скаргу ён падаў у Бешанковіцкі райсуд 12 красавіка, адтуль справу мусілі пераслаць у абласны суд, і ўжо ў гэтым судзе яе мусяць разгледзець не пазьней як цягам месяцу з часу атрыманьня. Выніку давядзецца чакаць”.
spring96.org