У судзе Гарадоцкага раёну завяршыўся разгляд скаргі Яна Дзяржаўцава на парушэньне адказнымі работнікамі Гарадоцкага райвыканкаму закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Судзьдзя Алена Віхаценка скаргу актывіста не задаволіла, паверыўшы сьведцы – начальніку аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкаму Тацьцяне Пушковай.
Нагадаем, 14 лістапада 2013 году Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся ў Гарадоцкі райвыканкам зь пісьмовай заявай, у якой прасіў растлумачыць, на якой падставе ладзілася высечка елак у межах паласы адводу аўтамабільнай дарогі Р-115 Віцебск-Гарадок на ўчастку 27-46 км. Аднак адказу па сутнасьці заявы ён не атрымаў аж дагэтуль, таму і прасіў суд прымусіць службовых асоб даць яму такі адказ у адпаведнасьці з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
У судзе юрыст выканкаму заявіла, што насамрэч супрацоўнікі выканкаму вышэйзгаданага закону не парушалі, а накіравалі ліст Яну Дзяржаўцаву яшчэ 27 лістапада 2013 году. Згодна з гэтым лістом, які Ян Дзяржаўцаў упершыню ўбачыў толькі ў судзе, елкі ўздоўж шашы былі высечаныя на падставе распараджэньня губэрнатара Аляксандра Косінца і адпаведнага рашэньня Гарадоцкага райвыканкаму.
На думку Яна Дзяржаўцава, ліст, які яму нібыта быў накіраваны 27 лістапада, быў складзены заднім днём – непасрэдна перад судом. Тым больш, што літаральна напярэдадні пазначанай у лісьце даты яму быў дасланы яшчэ адзін ліст – папярэдні адказ, у якім кіраўнік спраў выканкаму інфармаваў актывіста, што ягоны зварот будзе разгледжаны аддзелам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Гэты папярэдні ліст датаваны 26 лістапада, і Ян Дзяржаўцаў сумняваецца, што чыноўнікі аддзелу ЖКГ сапраўды ўсяго за адзін дзень здолелі падрыхтаваць і даслаць яму поўны і ўсебаковы адказ.
Адзіным доказам таго, што адказ сапраўды быў накіраваны заяўніку ў належны тэрмін, а ня быў сфабрыкаваны заднім днём, сталіся словы выкліканага ў суд сьведкі – начальніка аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкаму Тацьцяны Пушковай. Судзьдзя Віхаценка палічыла, што слоў працаўніцы выканкаму аб тым, што выканкам не парушыў заканадаўства, цалкам дастаткова. З журналам выходнай карэспандэнцыі, у якім фіксуюцца ўсе дасылаемыя выканкамам лісты, судзьдзя не знаёмілася. Згодна з рашэньнем судзьдзі Віхаценка, адказныя асобы Гарадоцкага райвыканкаму не парушылі закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», і Яну Дзяржаўцаву ў задавальненьні яго скаргі трэба адмовіць.