Сайт orshatut.by існуе больш за тры гады. Апроч навін, на ім разьмяшчаюцца прыватныя аб'явы і рэкляма тавараў ды паслуг. Аднаму з рэклямадаўцаў параілі адмовіцца ад супрацоўніцтва. Гэта, на думку заснавальніка сайту, зьвязана з выбарчай кампаніяй.
Распавёў заснавальнік сайту Віктар Андрэеў: "Ды мяне зьвярнуўся чалавек і сказаў, што адмаўляецца ад рэкламы на сайце. Гэта было дзіўна, бо наша супрацоўніцтва доўжылася не адзін месяц. І чалавек патлумачыў, што яго папярэдзілі з КДБ, маўляў, сайт "не зусім той", і каб не было непрыемнасьцяў, трэба прыбраць адтуль рэкляму. Ён, вядома, пагадзіўся. Але ў такой форме незадавальненьня дзейнасьцю сайта яшчэ ніхто не выказваў".
З пэўнымі перашкодамі супрацоўнікам сайту даводзілася сутыкацца і раней: прыкладам, настаўніцу адной з аршанскіх школ упікалі за інтэрвію пра школьную мастацкую самадзейнасьць, альбо вучня-выпускніка запалохалі, што ён не паступіць у ВНУ, калі свой артыкул пра акцыю супраць паленьня разьмесьціць на гэтым рэсурсе, а не на сайце ГА БРСМ.
"Але каб у такой катэгарычнай форме ды са спасылкай на КДБ мне паведамлялі, што сайт нейкі шкодны ці небясьпечны, - такога яшчэ не было. Верагодна, гэта спроба ціску перад выбарамі, бо наш рэсурс незалежны, і адным з апошніх матэрыялаў было паведамленьне пра пікет кампаніі "Гавары праўду" ў Воршы. А магчыма, што проста камусьці не падабаецца, што мы зьмяшчаем крытычныя матэрыялы па гарадзкіх праблемах. Так ці інакш, але я хачу, каб нашы чытачы ведалі пра ціск на сайт, і таму я напісаў да іх адкрыты ліст", - гаворыць Віктар Андрэеў.
У гэтым лісьце заснавальнік аршанскага сайту, у мінулым незалежны прафсаюзны актывіст, згадвае, што да незалежных СМІ ў Воршы здаўна ставяцца варожа. У 1990-я гады Віктар Андрэеў быў рэдактарам і выдаўцом газеты "Куцейна", зь якой пачаліся праблемы пасьля крытычных артыкулаў пра тагачаснага старшыню гарвыканкаму. Урэшце газэце адмовілі ў рэгістрацыі, а пазьней не ўдалося зарэгістраваць нават часопіс пра камунальную гаспадарку.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"