Аршанскі райвыканкам забараніў пікет у абарону зялёных насаджэньняў у горадзе. Заяўку на правядзеньне пікету 12 сьнежня ў парку льнокамбінату ў абарону парку “Чаромушкі” (там цяпер будуецца шматпавярховік) ад высечкі дрэў падавалі грамадзкія актывісты Ю. Нагорны і А. Шутаў. Надоечы прыйшоў адказ з райвыканкаму. Правядзеньне пікету забароненае.
Прычына забароны - заяўнікі не падалі ў выканкам дамоваў на ахову, мэдычнае абслугоўваньне і вываз сьмецьця. Сытуацыю пракамэнтаваў адзін з аўтараў заяўкі Аляксандар Шутаў:
- Пачынаючы з 2004 году ў Воршы немагчыма зладзіць згодна з законам ніводзін пікет. Уся рэч у тым, што аршанскія чыноўнікі вызначылі такі парадак іх правядзеньня, які немагчыма выканаць. Так, на пікеце з двух чалавек неабходна, каб дзяжурыла брыгада хуткай дапамогі (а раптам пікетоўцам стане кепска), нарад міліцыі (а раптам пачнуцца якія-небудзь супрацьпраўныя дзеяньні) і група дворнікаў (для прыборкі незразумела якога сьмецьця ад пікету). Увогуле, не пікет, а нейкая вар’ятня на выезьдзе. З усімі гэтымі службамі выканкам патрабуе заключыць дамовы загадзя, што каштуе немалых грошай. І пасьля таго, як вы гэтыя дамовы заключыце, вам усё адно могуць адмовіць у дазволе пікету.
Але галоўны фокус нават ня ў гэтым. Райвыканкам патрабуе , каб дамовы зь міліцыяй, лекарамі, дворнікамі былі заключаныя загадзя, а самі гэтыя службы згаджаюцца заключыць такія дамовы толькі пасьля згоды выканкаму. І ніхто не саступае. Гэта схема клясычнай “разводкі”, зроблена так адмыслова, каб выканаць усе патрабаваньні было немагчыма. І ўсе заяўкі сканчаюцца прагназуемай адмовай з фармальных прычын. І яшчэ. Месцамі для правядзеньня пікетаў выканкам абраў самыя бязьлюдныя зоны ў нашым горадзе. Парк у раёне льнокамбінату на беразе Дняпра і парк каля Кургана Славы.
І, напрыканцы, мне здаецца, калі чыноўнікі забараняюць пікет у абарону дрэваў, значыць адчуваюць сваю віну і імкнуцца забаронамі здушыць грамадзкую актыўнасьць ў гэтым пытаньні.
Orsha.eu