Як адзначыў начальнік Віцебскай гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Валер Фандо, больш за ўсё парушэньняў прыродаахоўнага заканадаўства зьдзяйсьняецца восеньню і раньняй вясной. Толькі па двух артыкулах - 15.63 і 15.30 - Адміністрацыйнага кодэксу гарадзкія эколягі сёлета выявілі 474 парушэньні.
Выдадзена 3196 прадпісаньняў на ліквідацыю хібаў. Ільвіная доля парушэньняў прыпадае на тэрыторыю Першамайскага раёну, бо да гораду далучыліся некаторыя населеныя пункты, якія раней ўваходзілі ў склад Віцебскага раёну.
Увосень жыхары, часьцей за ўсё прыватнага сэктару, пазбаўляюцца ад назапашаных за лета адходаў на гародах, сукоў і іншага сьмецьця праз вываз усяго гэтага ў найбліжэйшы яр або на пустку. Хоць з усімі домаўладальнікамі, а таксама садоўніцкімі таварыствамі і гаражнымі каапэратывамі, якіх налічваецца каля 180, заключаныя дамовы са спэцаўтабазай на вываз сьмецьця. У гэтым пляне праведзеная велізарная праца па інвэнтарызацыі суб’ектаў гаспадараньня і па ўзгадненьні з экалягічнай службай схем абыходжаньня з адходамі.
Разам зь цьвёрдымі бытавымі адходамі прывозяць на гарадзкі сьметнік другсыравіну: мэталалом, апоны, кардон, а то і люмінэсцэнтныя лямпы, якія адносяцца да першага класа небясьпекі. На жаль, колькасьць выпадкаў вывазу другаснай сыравіны на сьметнік у параўнаньні зь мінулым годам узрасла і склала 47.
Так, па пяць адсоткаў ад агульнай колькасьці адходаў, прывезеных на транспарце прадпрыемствам “Эвістар” на сьметнік, складалі люмінесцэнтныя лямпы, мэталалом, кардон. Безумоўна, такі груз адпраўляюць на дасартаваньне, а за непамятлівасьць выпісваецца штраф, як таго патрабуе артыкул 15.63 часткі 2 Адміністрацыйнага кодэксу.
У лік парушальнікаў трапіла і прыватнае прадпрыемства “Экааргбуд” за спробу вывезьці металалом (15 адсоткаў ад усяго аб’ёму адходаў) на сьметнік. Прадпрыемства “Віцязь” разам зь іншымі адходамі накіроўвала на пахаваньне на гарадзкі сьметнік люмінэсцэнтныя лямпы, якія павінна здаваць на зьнішчэньне ў ЗАТ “Экалёгія -121″ (вуліца Ленінградзкая, 193а).
Прыватнікам люмінэсцэнтныя лямпы на бязвыплатнай аснове можна здаць у пункты прыёму, створаныя пры ЖРЭТ, па адрасох : вул. Энгельса, 3/2; вул. П.Броўкі, 18; Маскоўскі праспэкт, 74а. Вырашанае пытаньне прыёму элемэнтаў сілкаваньня. У буйных гандлёвых пунктах ўстаноўлена 32 кантэйнэры для прыёму адпрацаваных батарэек. З пачатку году сабрана 1700 кіляграмаў элемэнтаў сілкаваньня. А гэтыя ж небясьпечныя адходы маглі патрапіць у лепшым выпадку на палігон, атручваючы зямлю хімічнымі рэчывамі, што раскладаюцца.
Паступова жыхары гораду становяцца больш адукаванымі ў экалягічных пытаньнях. Нашмат менш выяўляюцца факты забруджваньня рознымі адходамі жыцьцядзейнасьці чалавека набярэжных рэк Віцьба, Лучоса, Дзьвіна, яраў і пустак. Шмат паступае ў экалягічную службу зваротаў з нагоды экалягічных парушэньняў.
vicebskreg.by