Сярод сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнага конкурсу прафэсійнай мэдыя-фатаграфіі “Прэс-фота Беларусі” ёсьць рэдактар штодзённай інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро. Ён заняў першае месца ў намінацыі “Навіны” з сэрыяй фотаздымкаў, якія былі зробленыя падчас суду над вядомым дэмакратычным актывістам Сяргеем Каваленкам.
Гран-пры конкурсу заваяваў фотакарэспандэнт ведамаснай газэты МУС “На страже” Вячаслаў Цуранаў. Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2013» адбылася 18 чэрвеня ў студыі “Зьнята” ў Менску. Усяго было адзначана 26 адзіночных работ і 21 сэрыя.
Адкрыты незалежны конкурс “Прэс-фота Беларусі” праходзіць у чацьверты раз. Ён закліканы стымуляваць разьвіцьцё айчыннай фотажурналістыкі, падтрымліваць абмен досьведам паміж беларускімі фатографамі, фармуляваць высокія прафэсійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафэсійнай інфармацыяй.
Народныя навіны Віцебска