Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала апазыцыянэра Пятра Іванова вінаватым у ілжэсьведчаньні на супрацоўніка міліцыі і ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.
Агульная сума двух штрафаў — 4 мільёны рублёў. У судзе згадалі інцыдэнт, які здарыўся ў Віцебску 16 лютага. Тады Пётар Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія выйшлі ў цэнтар Віцебску з расьцяжкай «Свабоду палітвязьням».
Міліцэйская машына, заехаўшы на ходнік, ледзьве ня зьбіла яго з ног. Спадар Іваноў зьвярнуўся да абласнога міліцэйскага кіраўніцтва, каб даведацца прозьвішча кіроўцы машыны, нумар якой ён зафіксаваў. Бо меркаваў напісаць заяву ў суд. 12 красавіка Пятра Іванова выклікалі ў абласную ўправу ДАІ, каб узяць тлумачэньні. Але падчас гутаркі падпалкоўнік Аляксандар Сьцяпанаў заявіў Іванову, што факты не пацьвердзіліся. А таксама — што Іваноў абвінавачваецца ў ілжэсьведчаньні і што яго будуць за гэта судзіць.
Паводле актывіста, такі паварот падзеяў быў нечаканы і дзіўны: «Я прыйшоў да падпалкоўніка Сьцяпанава, а той 4 гадзіны мяне дапытваў. Прычым такім чынам, што стараўся мяне пераканаць наконт нейкай матэрыяльнай кампэнсацыі. Нібыта я хачу яе з супрацоўніка міліцыі спагнаць. Я кажу яму: „Можа, я толькі запатрабую выбачэньняў?“ А той кажа: „Не-не-не, толькі грашовую кампэнсацыю!“ Я сказаў, што максымум, чаго запатрабую, то гэта 100 тысяч праз суд».
Адразу пасьля гэтага тут жа, у ДАІ, на Пятра Іванова быў складзены пратакол за ілжэсьведчаньне на міліцыянта. Дарэчы, прозьвішча кіроўцы міліцэйскай машыны яму так і не паведамілі. Хоць Іваноў прасіў назваць яго, каб мець магчымасьць зьвярнуцца ў суд. Але было сказана, што праверка ягонай вінаватасьці не паказала.
За ілжэсьведчаньне на супрацоўніка міліцыі судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна аштрафавала Пятра Іванова на 20 базавых велічынь — 2 мільёны рублёў. Ня стала аргумэнтам на карысьць актывіста ні тое, што ён абскардзіў пастанову, вынесеную ў ДАІ, ні тое, што ён зьвярнуўся ў абласную пракуратуру, каб паведаміць, што яго пазбавілі права на зварот у суд супраць парушальніка правілаў дарожнага руху.
Другі штраф, 20 базавых велічынь, Валянціна Кісьмярошкіна наклала на Пятра Іванова за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. У гэтым яго абвінавацілі міліцыянты, якія гвалтам цягнулі актывіста ў суд. Бо Пётар Іваноў быў гатовы ісьці туды сам, але падпалкоўнік Сьцяпанаў сказаў, што ён затрыманы. І тады яшчэ двое міліцыянтаў, адзін у форме, а другі ў цывільным, схапілі яго пад рукі і пачалі штурхаць у машыну. Праўда, да суду так і не давезьлі: з паўдарогі вярнуліся ў Першамайскі РАУС, каб скласьці пратакол пра непадпарадкаваньне.
«Я не даваў падставаў сумнявацца, ці прыйду ў суд, калі будзе позва. Мне проста брыдка, калі нехта, не валодаючы належнымі прававымі ведамі, спрабуе давесьці, што гэта ён — улада! Ды яны ўладу толькі дыскрэдытуюць! Я толькі прасіў, каб мне далі дакумэнт, што я затрыманы. І калі будуць рабіць ператрус ці агляд — каб таксама далі паперу! А мне маёр Багатыроў, які штурхаў у машыну ды заводзіў у пастарунак, кажа: „У цябе яшчэ трэцяга правапарушэньня няма? Дык зараз напішу, што ты лаяўся матам, суд зачыніцца, пакуль будзем разьбірацца, а ты паедзеш на выходныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня!“»
Пётар Іваноў у судзе не прызнаў сябе вінаватым і зьбіраецца абскарджваць пастанову. Да таго ж ён чакае адказу з пракуратуры і з абласной міліцэйскай управы на свае скаргі. Напісаць скаргі на супрацоўнікаў Першамайскага РАУС за перавышэньне службовых паўнамоцтваў яму не далі — у літаральным сэнсе не далі Кнігу скаргаў, заявіўшы, што «Затрыманы аніякіх правоў ня мае».
Радыё Свабода