Віцебскія актывісты ўжо каторы раз спрабавалі выканаць рашэньне гарвыканкаму “Аб правядзеньні масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”. Згодна зь ім, заяўнікі масавых акцыяў мусяць заключыць дамовы на абслугоўваньне з ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй. Але гэтыя структуры адмаўляюцца супрацоўнічаць з апазыцыянерамі, і Кастрычніцкі райсуд пацьвердзіў: рашэньне гарвыканкаму дазваляе дзяржаўным структурам ухіляцца ад дамоваў.
Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ігар Рымша вырашыў пакінуць без задавальненьня скаргу Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка абласной структуры руху “За Свабоду” – той зьвярнуўся ў суд, каб змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку заключыць дамовы на абслугоўваньне мітынгу 25 сакавіка. Галоўурач мэдычнай установы спаслаўся на загружанасьць урачоў “падчас піку сэзонных захворваньняў”, і адмовіў заяўнікам мітынгу. Гэта і стала прычынай звароту ў суд. Працэс паводле скаргі Хрыстафора Жаляпава ішоў два дні, і 15 сакавіка было агучанае рашэньне. Актывістам было заяўлена, што нязгода заключыць зь імі дамову на абслугоўваньне – гэта права адміністрацыі дзяржаўных установаў.
“А як нашы правы, гарантаваныя артыкулам 35 Канстытуцыі? Пра тое, што грамадзяне маюць права на правядзеньне масавых акцыяў? Атрымліваецца, што гарвыанкам патрабуе ад нас дамоваў, заяўнікі масавых імпрэзаў мусяць іх падаць, але дзяржаўных установаў рашэньне ўладаў нібыта і ня тычыцца. Мы - абавязаныя, а яны – не. Суд вырашыў, што ад іх нельга патрабаваць выкананьня рашэньня гарвыканкаму, бо там не напісана “установы абавязаныя…” Значыць, гэтае рашэньне складзена такім чынам, што парушаюцца нашыя правы”, – кажа Хрыстафор Жаляпаў.
Аляксей Гаўруцікаў, другі заяўнік мітынгу, замоўленага на 25 сакавіка ў Парку 30-годзьдзя ВЛКСМ, называе судовае рашэньне “падарункам” да Дня Канстытуцыі: “Якраз 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, суд агучыў рашэньне, згодна зь якім нашыя правы парушаюцца на законнай падставе. Рашэньне гарваканкаму №881 “Аб правядзеньні масавых акцыяў у г.Віцебску” абмяжоўвае нашы правы, бо яго немагчыма выканаць. Ужо тры гады мы спрабуем атрымаць дазвол на акцыі, але нам яго не даюць, бо мы ня можам дамовіцца то зь міліцыяй, то з мэдыкамі. Нам адмаўляюць з самых розных, часам сьмешных прычын, а цяпер яшчэ і суд заявіў, што адмаўляць нам могуць бясконца… Што застаецца? Будзем зьбіраць дакумэнты, каб змусіць гарвыканкам унесьці зьмены ва ўласнае рашэньне”.
Спробы патрабаваць зьмен у рашэньне № 881 ужо прадпрымаліся. Але з гарвыканкаму прыходзілі адказы, што гэты дакумэнт прайшоў юрыдычную экспэртызу і ўнесены ў рэестар дзяржаўных актаў, – значыць, ён складзены бездакорна. Цяпер актывісты хочуць сабраць дакумэнты, якія сьведчаць пра парушэньне іх правоў, і накіраваць іх у Камітэт па правох чалавека ААН.
Віцебскія чыноўнікі ня толькі прынялі невыканальнае рашэньне. Яны самі парушылі заканадаўства аб масавых акцыях. У некаторых іншых гарадох мясцовыя ўлады спачатку вырашаюць, ці дазволіць масавае мерапрыемства, а толькі потым патрабуюць дамоваў на абслугоўваньне. А Віцебскі гарвыканкам вырашыў стварыць штучныя перашкоды, каб зрабіць правядзеньне масавых мерапрыемстваў немагчымым у прынцыпе.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”