Гарвыканкам дазволіў Віцебскаму гарадзкому камунальнаму ўнітарнаму вытворчаму прадпрыемству водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі часовае адхіленьне ад гігіенічных нарматываў якасьці пітной вады. Рашэньне прынятае 19 кастрычніка і павінна дзейнічаць да 1 жніўня 2013 году.
Дакумэнт паведамляе, што, разгледзеўшы зварот Віцебскага гарадзкога камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі аб часовым адхіленьні ад гігіенічных нарматываў ўтрыманьня соляў агульнай жорсткасьці, зялеза, марганца ў пітной вадзе, улады Віцебска дазволілі (цытуем):
«1.1. часовае, да 1 жніўня 2013 г. адхіленьне ад гігіенічных нарматываў якасьці пітной вады па ўтрыманьні:
1.1.1. соляў агульнай жорсткасьці да 10 ммоль/дм3 па ўсіх артэзіянскіх сьвідравінах;
1.1.2. зялеза па артэзіянскіх сьвідравінах:
Спэцкамбінат (кадастравы нумар 32954/80), Спэцаўтабаза (кадастравы нумар 21896/71), Васькавічы (кадастравы нумар 12/2002), Крыніца № 1 (кадастравы нумар 49861/92), Крыніца № 2 (кадастравы нумар 49815/92), Руба -2 (кадастравы нумар 21945/710), Здраўнёва;
1.1.3. марганца па артэзіянскіх сьвідравінах:
Спэцкамбінат (кадастравы нумар 32954/80), Спэцаўтабаза (кадастравы нумар 21896/71), Васькавічы (кадастравы нумар 12/2002), Крыніца № 1 (кадастравы нумар 49861/92), Крыніца № 2 (кадастравы нумар 49815/92), Руба - 2 (кадастравы нумар 21945/710), Здраўнёва, вуліца Цітова (кадастравы нумар 67-Д/90, кадастравы нумар 589949 - станцыя абезьзялезваньня), вуліца Вароўскага (кадастравы нумар 20340/69 - станцыя абезьзялезваньня), Ціраспаль (кадастравы нумар 14410 / 66, кадастравы нумар 32888/79 - станцыя абезьзялезваньня), Дзяржплемпрадпрыемства (кадастравы нумар 34429/80, кадастравы нумар 28316/74, кадастравы нумар 49884/92 - станцыя абезьзялезваньня), Агрос (кадастравы нумар 23907/73, кадастравы нумар 14454 «А» / 77 - станцыя абезьзялезваньня);
1.2. утрыманьне зялеза і марганца ў пітной вадзе перад паступленьнем у разьмеркавальную сетку і ў разьмеркавальнай сетцы прымаць паводле фактычнага значэньня».
Пры прыняцьці такога рашэньня гарвыканкам спасылаецца на пункты 3.6, 3.6.1, 3.6.2 Санітарных правіл і норм «2.1.4. Пітная вада і водазабесьпячэньне населеных месцаў. Пітная вада. Гігіенічныя патрабаваньні да якасьці вады цэнтралізаваных сыстэм пітнога водазабесьпячэньня. Кантроль якасьці. Санітарныя правілы і нормы СанПіН 10-124 РБ 99».
Пункт 3.6.1 дапускае адхіленьні ад гігіенічных нарматываў пры немагчымасьці забесьпячэньня насельніцтва пітной вадой іншым спосабам. У той самы час ён патрабуе сярод іншага забесьпячэньня інфармацыі насельніцтва аб увядзеньні адхіленьняў і тэрмінах іх дзеяньня, аб адсутнасьці рызыкі для здароўя, а таксама аб рэкамэндацыях па выкарыстаньні пітной вады. На жаль, аб гэтым рашэньні ў СМІ не паведамлялася; больш таго, дакумэнт зьнік з сайту гарвыканкаму.
Апроч таго, пры прыняцьці рашэньня ўлады абыйшлі маўчаньнем пункт 3.6.3, які кажа, што пры немагчымасьці ліквідацыі аварыйнай сытуацыі за 3 і больш сутак адначасова з прыняцьцем рашэньня аб часовым адступленьні ад гігіенічных нарматываў ворганамі мясцовага самакіраваньня зацьвярджаецца плян мерапрыемстваў па забесьпячэньні якасьці вады, які адпавядае гігіенічным нарматывам, уключаючы каляндарны плян работ, тэрміны іх выкананьня і аб’ёмы фінансаваньня.
Пункт 1.3 рашэньня патрабуе «згодна з распрацаванымі мерапрыемствамі ажыцьцяўляць праектаваньне і будаўніцтва станцыяў абезьзялезваньня на артэзіянскіх сьвідравінах, што стаяць асобна, і забясьпечыць лябараторны кантроль за якасьцю пітной вады ў жылых дамох», аднак нічога не гаворыцца ні пра плян мерапрыемстваў, ні пра іх фінансаваньне.
Адказнасьць за выкананьне гэтага рашэньня ўскладзеная на галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Віцебску і Віцебскага раёну і дырэктара Віцебскага гарадзкога камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі.
Народныя навіны Віцебска