«Віцебская вясна» працягвае цыкль публікацыяў пра ўмовы адбываньня адміністрацыйнага арышту ў ізалятарах часовага ўтрыманьня. Наш наступны аўтар – незалежны журналіст Кастусь Мардзьвінцаў.
За выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў падчас акцыяў 25 і 26 сакавіка Кастусь быў арыштаваны на 15 сутак.
На «сутках» я апынуўся ўпершыню. І быў не падрыхтаваны да таго. Калі б ведаў загадзя, чым завершыцца мая праца як журналіста на акцыі, то ўзяў бы з сабою неабходныя рэчы. А так – куртку, у якой я быў, мне забаранялі пранесьці ў камэру. Маўляў, яна мае шнурок унутры, і трэба распароць падбіўку, каб выцягнуць яго. Я сказаў, што не хачу псаваць рэч. І таму, пакуль не атрымаў ў перадачы швэдар праз колькі дзён, увесь час мёрз.
Халодна было і пасьля, але ўжо ня гэтак. Спаць даводзілася ў вопратцы, хоць выдалі дзьве коўдры, бо ня меў з сабою курткі. Праз холад некалькі разоў давялося адмовіцца ад шпацыру, не зважаючы, што сьвежага паветра ў камэры відавочна бракавала.
Шпацыры – пакуль сядзеў на 3-м паверсе, – трэба было прасіць, інакш пра іх ніхто з ахоўнікаў не ўспамінаў. Толькі пад канец знаходжаньня там, перад пераводам на 2-гі паверх, ахоўнікі самі ўжо пачалі прапанаваць. Часам адмаўляўся – праз холад. Ужо як апынуўся на 2-м паверсе, шпацыры сталі штодня. Гуляць выводзілі пакамэрна. Ня ў двор, а на адмысловую пляцоўку на тым самым паверсе, якая ўяўляла сабою, па-сутнасьці, усё тую ж камэру, у якой замест акна – адкрытая прастора, прыкрытая толькі кратамі.
Усяго сядзеў у трох камэрах: №7, №9 (3-ці паверх) і №24 (2-гі паверх, тут быў двойчы: ноч пасьля затрыманьня і да суду; і затым апошні, найвялікшы, адрэзак адседкі).
Пераводзілі з камэры ў камэру, не тлумачачы прычынаў. Хаця зразумела, што прычыны ўвесь час у іх былі: у 7-й на наступны дзень пасьля таго, як вызвалілі яе ад сядзельцаў, распачаўся рамонт (было чуваць, як там працуюць – перасялілі ж недалёка), з 9-й перавялі ў той дзень, як мой сукамэрнік там быў этапаваны на ЛПП – 60-гадовы дзядзька, які любіць чытаць і разгадваць красворды. Спадзяваўся, што адразу з ІЧУ не забяруць на прымусовае «лекаваньне», і зможа зьехаць ў Гародню да сына – спадзяваньне ня спраўдзілася.
Розьніца паміж 2-м і 3-м паверхамі? На 2-м знаходзіцца пост дзяжурнага. Ня ў тым самым калідоры, дзе камэры, але дзяжурны можа чуць усё, што адбываецца на паверсе. І, наогул, тамсама ўсялякае начальства. (Усё ІЧУ – трохпавярховы будынак. Але на першым паверсе месьціцца іншая ўстанова – выцьвярэзьнік.) Мабыць, таму на 2-м паверсе «прадольныя» (так называюць ахоўнікаў, што апякуюцца сядзельцамі) імкнуцца рабіць усё, каб было, як «па правілах». Але ў цэлым нараканьняў да ахоўнікаў што 2-га паверху, гэтак і 3-га, ня маю. Збольшага нармальныя людзі, якія ставіліся да сядзельцаў па-людзку.
На 2-м паверсе, апроч іншага, знаходзіцца камэра, якая, паводле расказу майго сукамэрніка, служыць «карцэрам» для «хімікаў», якія праштрафіліся ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Было некалькі начэй, калі насельнікі гэтай камэры не давалі спаць усяму паверху – грукалі ўсю ноч у дзьверы камэры, крычалі, мацюкаліся, аж пакуль ахоўнікі не «супакойвалі» іх спэцсродкамі.
Ва ўсіх камэрах, дзе пабываў, мы сядзелі ўдвух. А ёсьць камэры і вялікія, разьлічаныя ажно на дзесяць чалавек, але ў такіх мне сядзець не давялося.
Камэра № 7 – «двушка»: двух'ярусныя нары («шконка»), кран з ракавінай і туалет «азіяцкага» кшталту – дзірка ў падлозе на пастамэнце – такія клязэты былі папулярныя ў грамадзкіх прыбіральнях Савецкага Саюзу, захаваліся дзе-нідзе і дагэтуль. Змыўнага бачка няма. Замест яго ёсьць плястыкавая бутэлька – набірай у яе ваду з крана і змывай. Больш гэтая камэра не абсталяваная нічым – не было ні лаўкі, ні крэслаў, ні стала, ні тумбачкі. Асабістыя рэчы захоўваць не было дзе, апроч як на падлозе. Акно было закрытае зялезным лістом (здаецца, пасьля таго, як я адтуль сышоў, мэтал з вакна зьнялі – у гэтым і палягаў рамонт).
Камэра № 9 – больш прасторная. Разьлічаная на чатырох чалавек (дзьве двух'ярусныя «шконкі»), але мы сядзелі ўдвух. Тут быў стол і побач зь ім мэталёвая лаўка, прымацаваная да падлогі. Дык што месца для рэчаў хапала. Абсталяваная старым брудным унітазам. Замест накрыўкі на ім – цэляфанавы пакет. Гэта была адзіная камэра, у якой мог бачыць натуральнае сьвятло – мелася акно, складзенае з тоўстых шкляных блёкаў, празь якія ня бачна нічога, але сьвятло прабіваецца.
Камэра № 24 – двухмясцовая. Без вакна зусім: там, дзе яно мусіла б быць – сьцяна. Унітаз больш новы, але таксама без накрыўкі. Ёсьць тумбачка для захоўваньня рэчаў.
Сьцены ўсіх камэраў пакрытыя «шубай» – адмысловым рэльефным бэтонным пакрыцьцём. Правесьці дэзінфэкцыю такой сьцяны немагчыма ў прынцыпе. Сукамэрнікі казалі, што паводле сучасных правілаў «шуба» нібыта забароненая, але ў віцебскім ІЧУ яшчэ захавалася – як спадчына савецкіх часоў.
Ежа. На сьняданак давалі белы хлеб і якую-небудзь кашу на вадзе з катлетай, асноўным інгрэдыентам якой быў хлеб. Як жартавалі сядзельцы наконт катлеты, ямо хлеб з хлебам. На абед – хлеб чорны, такая самая катлета. Каша. Рэдкі суп, пасьля якога было вельмі лёгка спалоскваць талерку, бо тлушч ў ім адсутнічаў. Грамаў сто халаднаватай гарбаты з цукрам. Вячэра – каша з гарбатай. Апроч як на абед і вячэру, папіць каву ці гарбату было немагчыма – кіпень сядзельцам не давалі.
Вельмі дзіўны быў расклад, паводле якога раздавалі харчаваньне. Калі сьняданак прыпадаў на нармальны час – пасьля 9-й раніцы, то абед быў позьні – рэдка, калі раней як а 15-й, а вячэра, наадварот, раньняя – недзе а 17-й. Аднаго разу прынесьлі абед а 16:30, а вячэру а пятай вечара – зусім маленькі перапынак паміж прыёмамі ежы.
Перадачы атрымліваў. Але бывала, што з затрымкай: перадачу, зробленую напярэдадні, маглі выдаць толькі раніцай наступнага дня. Лісты і паштоўкі з волі даходзілі. Але, здаецца, ня ўсе. Так, ужо выйшаўшы, знайшоў у сваёй паштовай скрыні копію пастановы, вынесенай абласным судом у адказ на маю скаргу, у якой было пазначана, што яна дасылаецца ў два адрасы – на мой хатні, і ў ІЧУ (для ўручэньня мне). Тую копію, якую мне павінны былі ўручыць у ізалятары, я так ніколі і ня ўбачыў.
У душ удалося схадзіць толькі адзін раз. Дазваляецца раз на сем дзён, але калі я спытаў на сёмы дзень сваіх «сутак» пра яго, мне было сказана, што, маўляў, зараз выходныя, няма дэзінфэктара, таму чакай да панядзелка. А ў наступны панядзелак я ўжо выходзіў на волю...