Андрэй Гайдукоў быў арыштаваны паводле артыкулу 356 Крымінальнага Кодэкса Беларусі - здрада дзяржаве, у цяперашні момант ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ.
«Цяпер мы шукаем для яго адваката, таму што першы абаронца, Восіпава Вікторыя Віктараўна, быў дзяржаўным», - адзначае лідэр наваполацкай грамадзкай ініцыятывы “Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў.
Што такое «Саюз маладых інтэлектуалаў»? Кіраўнік арганізацыі Яўген Канстанцінаў кажа: «Саюз утвораны тры гады назад, летась удзельнічаў у “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі”. Хаця, перш за ўсё, мы грамадзка-культурная арганізацыя. Ствараем пляцформу для партыі інтэлектуалаў».
Як паведаміў сайту freeregion.info наваполацкі дэмакратычны актывіст Яўген Канстанцінаў, 8 лістапада 2012 году ў Віцебску быў арыштаваны першы намесьнік кіраўніка моладзевага аб’яднаньня “Саюз маладых інтэлектуалаў” Андрэй Гайдукоў. КДБ абвінавачвае маладога актывіста ў намеры заключыць пагадненьне з замежнымі спэцслужбамі.
На цяперашні час Андрэй знаходзіцца ў адным са сьледчых ізалятараў Менску, спэцслужбы не падаюць сваякам дакладных дадзеных пра яго месцазнаходжаньне і ўмовы утрыманьня. У ягонай кватэры праведзены ператрус, канфіскаваныя кампутар і іншыя носьбіты электроннай інфармацыі. Кіраўніцтва арганізацыі ўжо зьвярнулася ў праваабарончыя арганізацыі з просьбай аб дапамозе, паведаміў сайту Яўген Канстанцінаў.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі спыненая супрацьпраўная дзейнасьць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які займаўся па заданьні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару, паведамляе прэс-служба КДБ. Згаданы грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са зьвесткамі, што цікавяць замежныя спэцслужбы.
У дачыненьні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 356 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці», праводзіцца комплекс апэратыўна-вышуковых і сьледчых мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленьне іншых эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасьці. Названая асоба зьмешчаная ў СІЗА КДБ.
Арышт Андрэя Гайдукова можа быць зьвязаны зь яго актыўнай грамадзянскай пазыцыяй і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Затрыманага актывіста Андрэя Гайдукова маглі абвінаваціць у здрадзе радзіме з-за жарты пра ЦРУ. Праваабаронца Павал Левінаў пацьвердзіў факт затрыманьня Андрэя Гайдукова. Праўда, уся інфармацыя, якой валодае юрыст, зыходзіць ад маці затрыманага.
Паводле інфармацыі з крыніц, вартых даверу, у Полацку з прад’яўленьнем падобных абвінавачваньняў быў таксама затрыманы каардынатар мясцовай БХД Ільля Багданаў. Праўда празь некаторы час ён быў адпушчаны. Пракамэнтаваць гэты інцыдэнт Канстанцінаў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што этычна было б з гэтай нагоды задаць пытаньне самому Багданаву. Аднак тэлефон Ільлі ўпарта ня хоча адказваць.
У гэтай сувязі можна выказаць здагадку, што ў каардынатара хрысьціянскіх дэмакратаў ўзялі падпіску пра неразгалошваньне, а заадно, магчыма і аб нявыезьдзе. Здагадка гэтая мае права на жыцьцё хаця б таму, што практычна ўсе гэткія сытуацыі суправаджаліся такімі падпіскамі.
Гайдукову 22 гады, ён працуе апэратарам на наваполацкім “Нафтане”. Артыкул 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле часткі 1, і аж да сьмяротнага пакараньня паводле часткі 2 (здрада дзяржаве, спалучаная з забойствам).
Свабодны рэгіён