21 лістапада ў арт-пабе «Торвальд» Зьвіяд Дэўдарыяні, дырэктар Агенцыі грамадзянскага разьвіцьця (CiDA, Грузія), сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў, ініцыятываў і ўстановаў Віцебшчыны. Майстар-кляс, праведзены спадаром Зьвіядам, быў прысвечаны адвакацыі, практыкам абароны і прасоўваньня грамадзкіх інтарэсаў на прыкладзе грузінскага досьведу.
Сустрэча адбылася дзякуючы садзейнічаньню грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» і Цэнтру дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня СІМПА.
«Агенцыя грамадзянскага разьвіцьця», у якой спадар Зьвіяд працуе дзесяць гадоў, прапануе грамадзтву цэлы шэраг сэрвісаў для вырашэньня пэўных сацыяльна-культурных і прававых праблемаў.
Даволі пасьпяхова супрацоўнікі агенцыі дапамагаюць вымушаным перасяленцам. У Грузіі гэта вялікая праблема: пасьля вайны з Расеяй трыццаць тысяч чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Для іх у розных рэгіёнах краіны былі арганізаваныя паселішчы для пражываньня, але акрамя наданьня жытла для людзей нічога не было зроблена. У сувязі з гэтым агенцыя вырашыла спрыяць арганізацыі ўласнага бізнэсу жанчынам-перасяленкам.
Дзейнасьць агенцыі таксама скіраваная на разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў у рэгіёнах Грузіі, у якіх грамадзянская супольнасьць не такая моцная, як у Тбілісі. Ёсьць праекты па супрацьдзеяньні гвалту над жанчынамі ў сям'і ды сацыяльна-эканамічнай інтэграцыі былых зьняволеных.
Акрамя ўласных сэрвісных праграмаў, прадстаўнікі агенцыі ўдзельнічаюць у праграмах і акцыях адвакацыі, якія ладзяць іншыя няўрадавыя арганізацыі, адстойваючы грамадзкія інтарэсы.
Шмат працуюць сябры арганізацыі і дзеля паляпшэньня сыстэмы мясцовага самакіраваньня, якая ў краіне яшчэ канчаткова не сфармаваная, бо гэта зьвязана з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай, якая будзе праведзеная толькі пасьля аднаўленьня тэрытарыяльнай цэльнасьці Грузіі.
Камунікацыі ў сфэры мясцовага самакіраваньня паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю паступова наладжваюцца, але яны далёкія ад ідэалу. У 2012 годзе пры дапамозе няўрадавых арганізацыяў быў зацьверджаны Кодэкс мясцовага самакіраваньня. Пасьля гэтага колькасьць гарадоў зь мясцовым самакіраваньнем значна павялічылася.
Разам зь іншымі няўрадавымі арганізацыямі агенцыя выступае за дэцэнтралізацыю, выбарнасьць кіраўнікоў муніцыпалітэтаў ды правядзеньне глябальных рэформаў дзеля шырэйшага ўдзелу грамадзян у рэальнай працы мясцовага самакіраваньня.
Займаецца агенцыя і асьветніцкай дзейнасьцю, ладзяцца сустрэчы з насельніцтвам, на якіх тлумачацца перавагі мясцовага самакіраваньня.
Калі ўсе сродкі ўзаемадзеяньня зь дзяржаўнымі структурамі ў адвакатаваньні грамадзянскіх інтарэсаў вычэрпваюцца, тады ладзяцца масавыя грамадзкія акцыі, да якіх далучаюцца зацікаўленыя бакі.
Беларускім актывістам было дзіўна чуць, што для правядзеньня пікетаў, якія не перашкаджаюць дарожнаму руху, ніякіх дазволаў з боку ўлады прасіць ня трэба. У выпадках жа, калі плянуецца правядзеньне мітынгу ці маніфэстацыі, арганізатар мусіць паведаміць пра мерапрыемства ў мэрыю, а тая, у сваю чаргу, абавязаная вырашыць пытаньні, зьвязаныя з патруляваньнем і зьменай руху транспарту. Ніякай аплаты за правядзеньне мітынгу ад арганізатараў дзяржаўныя структуры не патрабуюць.
Даволі цікавым быў расповед спадара Зьвіяда пра скандал, зьвязаны зь незаконным зборам інфармацыі праз сачэньне за грамадзянамі. Дваццаць тысяч аўдыё- і відэафайлаў трапілі на разгляд адмысловай камісіі, створанай новым урадам пад ціскам грамадзкасьці. Розгалас быў вялікі: няўрадавыя арганізацыі і незалежныя мэдыі забілі трывогу, што існуе сыстэмная праблема, якую трэба тэрмінова вырашаць. Бо зь відавочным парушэньнем закону была створаная аграмадная інфармацыйная база, якую можна выкарыстоўваць супраць тых ці іншых асобаў пры актывізацыі імі палітычнай ці грамадзкай дзейнасьці. Ад моманту, як гэты скандал разгарэўся, мінула чатыры гады, але дасюль не адбылося ніводнага судовага працэсу, хаця некалькіх чалавек і арыштавалі. Агенцыя ўзяла справу пад грамадзкі кантроль, зрабіла запыты адносна канкрэтных судовых справаў і пакараных асобаў. Праўда, адказаў пакуль няма, і грамадзкія актывісты ўпэўненыя, што кардынальна зьмяніць сытуацыю здольны толькі закон, які рэгуляваў бы, у якіх выпадках і якім чынам дзяржаўныя структуры могуць сачыць за грамадзянамі.
Нягледзячы на існаваньне пэўнага недаверу з боку ўрадавых структураў, дзейнасьць агенцыі, як і ўсяго трэцяга сэктару Грузіі, можна лічыць пасьпяховай. Колькасьць справаў, учыненых актывістамі на карысьць грамадзтва, уражвае. Пра гэткі ўзровень свабоды дзеяньняў і ўплыву на грамадзкія працэсы беларусы могуць пакуль толькі марыць. Аднак пры ўсёй адрознасьці сытуацыі ў Грузіі і Беларусі, сёе-тое з досьведу грузінскіх няўрадавых арганізацыяў карыснае для беларусаў і можа прымяняцца і ў нашай краіне.
С. Горкі