Зьмены ў пэнсійным заканадаўстве, якія былі прынятыя сёлета, адгукнуліся болем і расчараваньнем для многіх беларусаў. Ліст жыхаркі Віцебску Людмілы Жызьнеўскай, дасланы ў рэдакцыю, стаўся крыкам душы чалавека, што ўвасабляе крык душы тысяч грамадзян, якія прамаўчалі, не наважыўшыся публічна яго агучыць.
Усё сваё жыцьцё старалася жыць сумленна. За савецкай уладай старанна працавала, зарабляла, ня крала і ведала, што ў мяне, дзякуючы добрасумленнай працы, будзе забясьпечаная старасьць... Карацей кажучы, працавала на карысьць грамадзтва і спадзявалася на лепшае.
Пасьля развалу Саюзу жыць стала цяжэй. Але і тут я не разгубілася – стала прадпрымальніцай, спраўна сплачвала падаткі. Пакуль магла – зарабляла і не падманвала дзяржаву. Аднак падаткі ўвесь час падвышаліся – і ў выніку прыйшлося спыніць любімую справу. Каб выжыць, вымушаная была зьехаць у Расею, у якой дзяржава дае людзям магчымасьць зарабіць... Але гэткім крокам я не нашкодзіла сваёй краіне – усе грошы, што атрымоўвала, у асноўным пакідала ў Беларусі, падтрымлівала яе эканоміку і лічыла – гэтага дастаткова. Бяда прыйшла неспадзявана: пагоршылася здароўе, давялося рабіць складаную апэрацыю, але, дзякуй богу, перажыла... Праўда, самаадчуваньне даволі складанае. А цяпер і з вачыма праблемы – пагоршыўся зрок.
Давялося задумацца пра пэнсію. У сувязі са зьменамі ў заканадаўстве пайшла на кансультацыю да спэцыяліста, каб даведацца пра ўмовы яе налічэньня. Стала адкрыцьцём, што працоўны стаж і стаж страхавы – цяпер розныя рэчы...
Адпаведна ўзросту я мусіла выйсьці на пэнсію яшчэ 18 студзеня гэтага году. Калі па-старому, то з улікам агульнага працоўнага стажу я мела права на атрыманьне пэнсіі, але цяпер улічваецца толькі страхавы стаж. Выявілася, што ў страхавы стаж не ўваходзяць гады, аддадзеныя на навучаньне, і трохгадовы дэкрэтны догляд дзіцяці. Аднак гэта яшчэ ня ўсё! Да 1999 году я займалася прадпрымальніцкай дзейнасьцю і не плаціла падаткаў у фонд сацыяльнай абароны. Але ж не было тады такога фонду, ведала б – заплаціла!
Атрымліваецца, што нават калі я зараз уладкуюся на працу, то ня здолею ўгнацца за пэнсійным узростам, які няспынна падвышаецца!
Мяне ашукалі, мяне абрабавалі! Маё здароўе пагаршаецца, і я ўжо не спадзяюся нават на сацыяльную пэнсію. Мяне ашукала і абрабавала дзяржава, на дабрабыт якой я працавала ўсё сваё жыцьцё.
Людзі, ведайце, што вас таксама падмануць! Дый як можна верыць хлусам, якія кажуць, што нібыта пэнсію ў нас атрымліваюць тыя, хто яе заслужыў? Але ж чыноўнікі, якія адказныя за крызысны стан эканомікі ў нашай краіне і сёньняшнія мізэрныя заробкі працоўных, чамусьці па-ранейшаму атрымліваюць і высокія пэнсіі, і неблагія заробкі. За ўсё адказвае народ, ахвярнымі казламі ўлада робіць нас з вамі!
Я не магу больш маўчаць, я не хачу ціха паміраць у адзіноце!
Пазбаўляючы мяне права на годную старасьць, дзяржава змушае мяне да супраціву!
Людзі, ведайце – вас рабуюць! Сёньня мы павінны быць разам!