З мэтай натхніць дзяўчат на новыя зьдзяйсьненьні ў межах адукацыйнага туру ў Віцебск прыехала каманда праекту «Жаночая справа». На тэматычным варкшопе ўвечары і на нефармальным сьняданку раніцай з аднадумцамі экспэрткі распавялі будучым бізнэсвумэн, што ж трэба для эфэктыўнага запуску ўласнага праекту, і параілі, як лепш гэта зрабіць.
Першае, з чаго распачынаецца кожная справа – гэта мэта. Пра тое, як правільна яе ставіць, распавяла грамадзкая актывістка Ганна Шкадун.
Мэта=мара+дзея – вось такое азначэньне, на ейную думку, найбольш дакладна апісвае гэтае паняцьце.
І якія б мэты вы перад сабой ні ставілі – доўгатэрміновыя, сярэднетэрміновыя або кароткатэрміновыя, зь імі трэба правільна працаваць. Дык як жа ставіць мэты, каб іх дасягаць? Інструкцыя, прапанаваная Ганнай, выглядае гэтак:
– спачатку трэба зразумець, чаго ж вы сапраўды хочаце;
– пасьля запішыце вашы мэты: дакладна і максымальна падрабязна, прычым у цяперашнім часе;
– важны момант: мэты павінны насіць толькі пазытыўны характар;
– мэце трэба вызначыць дэдлайн;
– кожную мэту трэба разьбіваць на подмэты;
– далей складаецца плян дзеяньняў: канкрэтны, максымальна дэталёвы, з вызначанымі тэрмінамі, з расстаўленымі прыярытэтамі;
– візуалізуйце.
Таямніцамі таго, як наладзіць камунікацыю са сваёй аўдыторыяй, сабраць базу кантактаў і выстраіць кантэнт-стратэгію, падзялілася заснавальніца праекту падтрымкі жаночага прадпрымальніцтва ProWomen By (Менск), спэцыяліст у галіне маркетынгу і камунікацыяў Юлія Малькова.
У прыватнасці, яна распавяла, што вельмі важна вызначыць мэтавую групу і максымальна звузіцца – так надалей будзе нашмат лягчэй весьці камунікацыю з аўдыторыяй.
Юлія раіць факусавацца на некалькіх пляцформах (напрыклад, УКантакце і Facebook), дзе прысутнічае ваша аўдыторыя, а не распыляцца адразу на ўсё; тэставаць камунікацыю і паведамленьні, вывучаць статыстыку; вельмі важна скласьці партрэт спажыўца (ён павінен быць максымальна канкрэтным); маніторыць згадваньне брэнду. Рэкамэндуе экспэрт не забывацца і на канкурэнтаў, то бок рабіць аналіз рынку, а таксама вучыцца рэагаваць на нэгатыў.
Пра тонкасьці наладжваньня камунікацыі з грамадзкасцю, а менавіта з прадстаўнікамі ўлады і журналістамі, распавяла заснавальніца праекту «Разьмеркаваньне: сумленна і пра ўсё», мэнэджэр «Гарадзкіх сходаў ГДФ» Яна Усьціненка.
Зь яе вуснаў дзяўчыны, якія зьбіраюцца разьвіваць бізнэс-асяродзьдзе гораду на Дзьвіне, даведаліся, што перш як запускаць свой праект, трэба вывучыць досьвед калег. Што да супрацоўніцтва зь дзяржструктурамі, тут без вывучэння нарматыўных актаў не абысьціся.
Адна са шматлікіх рэкамэндацыяў экспэрта гучыць так: калі праект толькі запускаецца або мае кароткатэрміновыя мэты, дужа эфэктыўна асабіста сустракацца з прадстаўнікамі ўлады і СМІ.
Шмат цікавага ў межах майстэрні распавяла прысутным стылістка інтэрнэт-крамы Lamoda.by Дар'я Сузьева, якая выступіла з прэзэнтацыяй «Як сабраць дзелавы гардэроб».
– Ня слухайце нікога, хто скажа, што ў вас не атрымаецца! – вось так распачала свой выступ Дар'я. – Якая б ні была ідэя, галоўнае – якасна яе прадумаць і любіць тое, што робіце. А калі патрэбная ніша ў рэгіёне вольная, напрыклад, фэшан-індустрыя – гэта толькі палягчае справу.
Кожнай дзяўчыне, а бізнэс-лэдзі асабліва, неабходна памятаць, што другога шанцу зрабіць першае ўражаньне ня будзе. Таму макіяж, фрызура, сукенка, аксэсуары, абутак – усё гэта вымагае ўважлівага падбору.
Па-першае, трэба ўлічваць тое, у якой сфэры дзейнасьці вы працуеце. Другое, што трэба браць пад увагу – гэта займаемая пасада. І трэцяе, але ня менш важнае – узровень мерапрыемства, то бок куды мы прыяжджаем і з кім сустракаемся.
Напрыклад, калі ваша сфэра прыпадае на высокі ўзровень кансэрватыўнасьці (палітыка, юрыдычная і фінансавыя сфэры), то з адзеньня тут пасуе толькі спадніца і жакет або сукенка і жакет; блюзка павінна вельмі выразна кантраставаць з жакетам, напрыклад, сіні са слановай косткай, прычым блюзка мусіць быць толькі ядвабная або баваўняная, ніякіх мяшаных тканін. Абутак: абавязкова павінен быць абцас, але невысокі (4-6 цм або 3-5 цм) і ня шпілька.
Для сярэдняга ўзроўню кансэрватыўнасьці (СМІ, сьвет рэклямы і г.д.) патрабаваньні ўжо меншыя: дарэчнае адзеньне ў клетачку, палоску, колеравая гама больш шырокая. З абцасам таксама прасьцей: чым ніжэйшы ўзровень кансэрватыўнасьці, тым вышэйшы абцас.
Патрабаваньняў для кожнага кшталту кансэрватыўнасьці процьма, сапраўды процьма, і ня толькі наконт адзеньня і абутку. Яшчэ плюс патрабаваньні да ўпрыгажэньняў, валасоў, макіяжу, водару, торбы...
У цэлым майстэрня атрымалася вельмі насычаная інфармацыяй. Таму, мяркую, кожная ўдзельніца нешта карыснае для сябе там пачарпнула.
Пры канцы нельга не сказаць пра дэвіз каманды [не]жаночай справы. Тут дзяўчыны пакрэатывілі. Яны вераць у тое, што вусы не зьяўляюцца абавязковым атрыбутам посьпеху, а нежаночых справаў не бывае. А таксама прытрымліваюцца такога меркаваньня, што няма нічога немагчымага, калі гэтага сапраўды захацець.
Лізавета Золатнава