Тры віцебскіх чыноўніка атрымалі дысцыплінарнае спагнаньне за тое, што падчас сёлетніх парлямэнцкіх выбараў не ўключылі ў сьпісы выбарцаў больш за тысячу віцяблян.
Пра гэта паведаміў “Дыялёгу” экс-кандыдат у дэпутаты Аляксей Гаўруцікаў, які атрымаў нядаўна афіцыйную паперу з упраўленьня арганізацыйна-кадравай працы Віцебскага аблвыканкама.
Згодна з дакумэнтам, за парушэньне выбарчага заканадаўства намесьніку кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебска А. Красакову зроблена заўвага, начальнік аддзелу адміністрацыйна-кадравай працы адміністрацыі П. Сільчонак атрымаў вымову, а кіраўніку Першамайскага ЖРЭТа даручылі разгледзець пытаньне аб тым, ці адпавядае займанай пасадзе начальнік разліковага цэнтру №4 А. Шынцяпін.
Нагадаем, менавіта ў Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, па якой балятаваўся Гаўруцікаў, яшчэ падчас папярэдняга галасаваньня былі выяўлены парушэньні. На выбарчым участку №44 адсутнічалі сьпісы больш за тысячы выбарцаў – жыхароў дамоў №№ 37 і 39 па вуліцы Петруся Броўкі ў новым віцебскім мікрараёне Мэдцэнтар.
Кандыдат і назіральнікі дамагліся, каб няўлічаны электарат трапіў у сьпісы.