У 2013-2015 гг. на тэрыторыі Віцебскага раёну былі зьнесеныя 82 старыя дамы, хоць, у адпаведнасьці з рашэньнем раённага выканаўчага камітэту №463, плянаваўся знос толькі 51 такога збудаваньня. Гэтыя дзеяньні праводзіліся ў межах указу кіраўніка дзяржавы №100 «Аб мерах па ўдасканаленьні ўліку і скарачэньні колькасьці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасьці».
Але на гэтым праца ў раёне ня скончаная. Райвыканкам ужо зацьвердзіў плян, паводле якога незанятае і лядашчае жытло будзе зносіцца ў 2016-2017 гг. Так, на працягу двух гадоў вырашана зьнесьці яшчэ 68 дамоў. Сёлета плянуецца сьцерці з твару зямлі 37 аб'ектаў. Такія лічбы толькі па адным раёне кажуць пра тое, што вёска сёньня вымірае, прычым імкліва.
Як адзначыў начальнік аддзелу ЖКГ Уладзімер Сакоўскі, у такіх сельскіх выканкамах, як Бабініцкі, Задуброўскі, Тулаўскі, Янавіцкі, Акцябарскі і Мазалаўскі, праца па рэалізацыі ўказу прэзыдэнта №100 стала весьціся больш актыўна. Тут шукаюць уладальнікаў жытла,дасылаюць iм паведамленьні, дзе прапісана, як далей будзе выкарыстоўвацца іх аб'ект. Аднак прадстаўнік райвыканкаму таксама дадаў, што пра некаторыя сельскія выканаўчыя камітэты можна сказаць, што ў іх працы ёсьць значныя хібы. Напрыклад, Запольскі сельсавет: тут плян па зносе на 2013-2015 гг. ня выкананы, няма адпаведнага ўліку незанятых і лядашчых збудаваньняў, насельніцтву цалкам не тлумачацца наступствы неналежнага іх утрыманьня, не абкошваюцца прылеглыя тэрыторыі і г.д.
Што тычыцца пытаньня «А зямлю пасьля куды?» – яна або пераразьмяркоўваецца (прыкладам, зямельны ўчастак перадаюць сельскагаспадарчаму прадпрыемству), або застаецца за ўласьнікамі, або ўключаецца ў сьпіс вольных участкаў.