Суд Чыгуначнага раёну Віцебска пакараў 15 кастрычніка вядомага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду штрафам у 2 базавыя велічыні за тое, што той бараніў герб Віцебскай вобласьці ад нападак загадчыцы прадуктовай крамы "Веста"…
Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Дарэчы, менавіта яна 3-га верасьня аштрафавала Хамайду на 400 тысяч рублёў за несанкцыянаванае пікетаваньне, калі той ля “сіняга дому” ў Віцебску заклікаў байкатаваць парлямэнцкія выбары.
Гэтым разам суд каля паўгадзіны чакаў, пакуль зьявіцца ісьцец Натальля Беліжэнка – загадчыца крамы №87 ОАО “Веста” (вул. Леніна, 28), што месьціцца ў тым самым “сінім доме”. Судзьдзя Цыганкова паведаміла, што позву ў суд пацярпелай даслалі, і прапанавала пачаць разгляд справы безь яе.
“Незалежнага суду няма, суд нелігітымны, але… разглядайце”, – адрэагаваў Хамайда. Ён адмовіўся знаёміцца з пратаколам, заявіўшы, што там адна хлусьня.
Між тым, паводле пратаколу, Хамайда “6 верасьня ў грамадзкім месцы ў адказ на заўвагу Беліжэнка паспрабаваў штурхнуць яе і схапіў за руку, чым парушыў грамадзкі парадак і спакой грамадзян”.
Барыс Хамайда з пратаколам не згадзіўся.Сказаў, што “не было ніякага парушэньня грамадзкага спакою, ніякіх хуліганскіх матываў таксама не было”. Распавёў, што загадчыцца “Весты” зьявілася пасьля таго, як ад яго адышлі міліцыянты, якія папрасілі яго сысьці, але той адмовіўся.
Расказаў, што на тым месцы, дзе ён стаіць ужо шмат гадоў, ніколі не вялося ніякага гандлю. Канфліктаў з пазоўніцай ніколі ня меў, але тая часта бурчэла нешта, праходзячы міма. “Я заўсёды маўчаў. Што ёй скажаш?.. Савецкі чалавек…” А ў той дзень яна заявіла, што будзе ладзіць тут вынасную таргоўлю.
Адказчык прадэманстраваў судзьдзі бел-чырвона-белую стужачку зь гербам Віцебскай вобласьці “Пагоня”, якую хацела сарваць загадчыца крамы. Паказаў, як адвёў ейную руку ўбок: “І тады яна пачала крычаць: “Ах, вы мяне рукамі трогаіце, мяне муж ні разу пальцам ня трогаў”. І ў выніку выклікала міліцыю. Ні ў той дзень, ні на заўтра на тым месцы ніхто не гандляваў…
“Я бараніў герб Віцебскай вобласьці. Калі яна не паважае бел-чырвона-белы сьцяг – гэта яе справа, яна ж “савок”, але там быў сымбаль вобласьці… Я не шкадую і не раскайваюся” – патлумачыў у судзе Хамайда.
Я бараніў герб Віцебскай вобласьці. Калі яна не паважае бел-чырвона-белы сьцяг – гэта яе справа, яна ж “савок”, але там быў сымбаль вобласьці...
Спадарыня Беліжэнка зьявілася ў суд праз паўгадзіны пасьля таго, як ёй пазваніла сакратарка суду. Увесь гэты час суд чакаў. Перапынку судзьдзя не абвяшчала, хаця сама разам з сакратаром сышла з залі паседжаньня. Пазьней сакратарка паведаміла, што ісцец на бальнічным, але абяцала прыйсьці…
Зьявіўшыся, Натальля Беліжэнка патлумачыла, што вынесьці 6-га верасьня столікі для гандлю яе абавязала ўпраўленьне таргоўлі. На пытаньне судзьдзі, чаму нельга было карыстацца столікамі, якія звычайна стаяць за вуглом будынку пад навесам, адказала, што тыя столікі ўжо прыбралі, бо было халодна. На пытаньне, чаму не гандлявалі на вынесеным століку, адказала спачатку, што не было лішняй прадавачкі, а потым, што гэта мусіў быць дадатковы столік для пакупнікоў. Маўляў, яны, купіўшы ў краме вады, маглі выйсьці пасядзець ды выпіць. “І гэта называецца “вынасная таргоўля”?..” – задала рытарычнае пытаньне судзьдзя.
Па словах Беліжэнка, “дадзены таварыш са сваім абсталяваньнем перашкаджаў наведнікам крамы, грузчыкам ды дворнікам, бо стаяў у мэтры ад уваходу ў краму”: “Натоўпы ягоных аднадумцаў зьбіраюцца, кідаюць паперкі, засьмечваюць тэрыторыю…” Распавяла, што ніколі не цікавілася, што там у яго на століку: “Нейкія рэклямныя выданьні, па-мойму”.
Паводле Беліжэнка, Хамайда схапіў яе за руку і пацягнуў: “Мяне ніхто ў жыцьці так за руку не хапаў”.
Барыс Хамайда назваў паказаньні Беліжэнка хлусьнёй: ён нікому не перашкаджаў, бо стаіць на тым самым месцы не адзін дзень, а ўжо шмат гадоў, і столік з беларускамоўнымі выданьнямі ставіць у адлегласьці трох мэтраў ад уваходу.
Ён таксама заявіў хадайніцтва, каб суд запатрабаваў у міліцыі аховы грамадзкага парадку запісы з камераў назіраньня, каб давесьці, што ніякіх хуліганскіх учынкаў у той дзень не рабіў.
Судзьдзя хадайніцтва не задаволіла. Зноў не абвесьціўшы перапынку, судзьдзя Цыганкова на некаторы час пакінула залю паседжаньня. Сьледам за ёй з залі выйшла Беліжэнка. Празь пяць хвілін, задаўшы яшчэ некалькі пытаньняў удзельнікам працэсу, судзьдзя, нібыта паміж іншым, абвесьціла, што Хамайда падвяргаецца штрафу ў памеры дзьвюх базавых велічынь (200 тыс. рублёў) за парушэньні арт. 17.1 КоАП..
Хамайда заявіў у судзе, што не зьбіраецца ані абскарджваць рашэньне суду, ані выплачваць штраф. І ў прысутнасьці судзьдзі папрасіў загадчыцу прадуктовай крамы наступным разам адразу выклікаць міліцыю, а не чыніць супраць яго незразумелых правакацыяў.