Паводле Генэральнай пракуратуры, у Віцебскай вобласьці выяўленыя парушэньні пры арганізацыі грамадзкіх абмеркаваньняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці.
Пракуратура Віцебскай вобласьці праверыла выкананьне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі заканадаўства ў сфэры жыльлёвых праваадносін, архітэктуры і будаўніцтва.
Як паведамляе Генэральная пракуратура Беларусі, у прыватнасьці, грамадзян не заўсёды своечасова інфармавалі пра правядзеньне грамадзкіх абмеркаваньняў горадабудаўнічых праектаў. Паведамленьні афармляліся неналежным чынам і зьмяшчалі няпоўную інфармацыю.
Грамадзянам не даваліся зьвесткі пра вынікі грамадзкіх абмеркаваньняў горадабудаўнічых праектаў ( «Генэральны плян г. Паставы», архітэктурна-пляніровачная канцэпцыя «Касьцёл Езуса Міласэрнага ў г. Паставы Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь», «Храм іконы Божай Маці Спарыцельніцы хлябоў» у аграгарадку Кушлікі Полацкага раёну і інш.).
Інфармацыйныя паведамленьні аб правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў выканкамамі не заўсёды своечасова разьмяшчаліся ў інтэрнэце і іншых сродках масавай інфармацыі. Гэтае парушэньне, паводле пракуратуры, не дазваляла жыхарам у поўнай меры рэалізаваць права на ўдзел у гэтых мерапрыемствах і выказаць сваё меркаваньне ў Браслаўскім, Віцебскім, Мёрскім, Пастаўскім, Сеньненскім і іншых раёнах, а таксама горадзе Віцебску.
Па фактах выяўленых парушэньняў пракурорамі гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласьці на адрас старшыняў гарадзкіх і раённых выканкамаў ўнесена 6 прадстаўленьняў і вынесена 1 прадпісаньне.
vitebskby.com