Крымінальная справа ў дачыненьні да вандалаў, якія арудавалі на могілках «Экімань» на ўскраіне Полацку, перададзеная ў суд, паведаміў пракурор аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Васіль Якаўлеў.
Крымінальная справа паводле абвінавачаньня трох асоб перададзеная ў суд Полацкага раёну і гораду Полацку. Фігуранты (двое зь іх непаўнагадовыя 1999 года нараджэньня) абвінавачваюцца ў абняслаўленьні магілаў (ч.1 ст.347 КК), ім таксама ставіцца ў віну наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт.218 КК). Вандалы, усе трое жыхары Полацку, пашкодзілі 67 магіл (парушылі помнікі, пастамэнты і інш.), агульная шкода склала больш за Br276,8 млн. За згаданыя злачынствы можна пазбавіцца волі на тэрмін ад 3 да 12 гадоў.
Адзін з разбуральнікаў магіл абвінавачваецца ва ўцягваньні заведама непаўнагадовых у зьдзяйсьненьне злачынства (ч.3 арт.172 КК, санкцыя прадугледжвае ад 5 да 8 гадоў пазбаўленьня волі).
«Вядзецца пра пэдагога дадатковай адукацыі 1990 году нараджэньня, які вёў гурток па ваеннай гісторыі ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацку. Менавіта ён пасьля заняткаў купіў піва і выпіў яго разам з двума сваімі 16-гадовымі гурткоўцамі на могілках, а пасьля першым стаў разбураць магілы. Падлеткі ўзялі прыклад са свайго "настаўніка" і ўсе разам разбуралі магілы рукамі і нагамі. У пэдагога знайшлася запальніца, і яшчэ адной забаўкай стала спаленьне вянкоў, крыжоў і іншых прадметаў пахавальнага абраду. Усё гэта адбывалася на могілках уначы цягам некалькіх гадзін. Пры гэтым бацькі непаўнагадовых ня ведалі, дзе іх дзеці. Пры своечасовым звароце ўвагі на начную адсутнасьць падлеткаў злачынствы можна было б прадухіліць», – адзначыў Васіль Якаўлеў.
Як паведамлялася раней, акт вандалізму на могілках быў зьдзейсьнены ноччу з 6 на 7 лістапада 2015 году.
Алёна Ціханава, БЕЛТА