Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебска адмовіла актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) у правядзеньні пікетаваньня ў Сусьветны дзень барацьбы за годную працу, які адзначаецца 7 кастрычніка.
Заяўнікі акцыі хацелі правесьці 7 кастрычніка двухгадзіннае пікетаваньне на плошчы Перамогі ў Віцебску. Адмова прыйшла за подпісам намесьніка кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебска Віктара Галанава.
«Вам не дазваляецца правядзеньне пікетаваньня ў сувязі з тым, што вамі не выкананы патрабаваньні пунктаў 1 і 3 рашэньня гарвыканкаму № 881 – аб вызначаных месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў і прадастаўленьні разам з заявай дагавораў з РАУС, Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікай і Віцебскай ЖКГ» , – гаворыцца ў адказе з раённай адміністрацыі.
«Падчас пікетаваньня мы плянавалі высунуць патрабаваньні да ўрада аб адмене сістэмы тэрміновых працоўных кантрактаў, якая зьяўляецца пятлёй на шыі для працоўнага класа. Мы казалі б людзям аб недапушчэньні дыскрымінацыі ў працоўных адносінах, у тым ліку па прыкмеце прыналежнасьці да незалежных прафсаюзаў. Інфармавалі б людзей пра тое, як у краіне справы з аховай працы. І вядома - з аплатай працы. На жаль, у Віцебску нам забаранілі праводзіць мерапрыемства і гаварыць з людзьмі на гэтыя балючыя тэмы. Хоць у Менску гарадзкія ўлады дазволілі-ткі праводзіць падобныя пікеты», - распавёў «Дыялёгу» кіраўнік Віцебскага аддзяленьня прафсаюза РЭП Георгій Разумаў.
На думку нашага суразмоўцы, святкаваньне Сусьветнага дню барацьбы за годную працу мелася б стаць важным крокам ва ўсьведамленьні таго, у якіх рабскіх і недастойных умовах знаходзяцца працоўныя Беларусі. Пікетаваньне ў цэнтры горада дапамагло б таксама наладзіць зваротную сувязь з працоўнымі.
«Трэба ісьці на прадпрыемствы і гаварыцьз працоўнымі. На той жа «Віцязь», напрыклад, дзе людзі проста бядуюць. На жаль, зваротнай сувязі няма. У найлепшым выпадку, працоўныя выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу, але ў наш не ўступаюць. Зьвяртаюцца толькі па кансультацыі », - кажа Георгій Разумаў.
У якасьці прыкладу таго, як незалежны прафсаюз РЭП адстойвае правы працоўных, Георгій Разумаў прыводзіць сытуацыю з былымі працаўнікамі прадпрыемства «Віцебскмясамалпрам», беспадстаўна абвінавачанымі ў вялікай нястачы. Дарэчы, 11 кастрычніка Віцебскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу на рашэньне суду Чыгуначнага раёну, які не задаволіў іск прафсаюзу аб абароне дзелавой рэпутацыі і пакрыцьці маральнай шкоды, прычыненай прадпрыемствам былым працаўніцам.
Па словах Разумава, дастойная праца – гэта найперш годныя ўмовы і заробкі: «І яшчэ: праца мае быць свабоднай. Вельмі часта адбываецца так, што людзі знаходзяць добрую працу, але з ранейшай звольніцца проста ня могуць, бо зьвязаны гэтай пятлёй – кантрактнай сістэмай. Праца ў нас – несвабодная. А што тычыцца годнай аплаты, то яна павінна забясьпечваць дастойнае жыцьцё, пра якую гаворыцца і ў Канстытуцыі. Пяцьсот даляраў можна абяцаць бясконца... Але кошты не стаяць на месцы. Кошты пад прэзідэнцкія абяцаньні не падладжваюцца».