Палітвязень Міхаіл Жамчужны ў лісьце на волю паведамляе пра апошнія падзеі і ўмовы ўтрыманьня ў папраўчай калёніі №14.
Чарговы ліст ад палітвязьня атрымаў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які вядзе зь ім сталае ліставаньне.
Найперш, Міхаіл паведамляе пра тое, што ён мае ўсё неабходнае для задавальненьня сваіх побытавых патрэбаў у калёніі. Апроч гэтага, цалкам задаволеныя і яго інфармацыйныя запыты. Ён атрымлівае беларускія пэрыядычныя выданьні: “Народную волю”, “Белгазету”, “Звязду”, “Нашу ніву”, а таксама сур’ёзны навуковы часопіс, які выдаецца ў ЗША – “Папулярная мэханіка”.
Не абмінула сваёй увагай палітвязьня і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі за 2015 год у галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, якая перадала Міхаілу свае кнігі з дароўнымі подпісамі. Найбліжэйшым часам чакаецца паступленьне ў ПК №14 яшчэ адной бандэролі з кнігамі – гэтым разам ад экс-кандыдата ў прэзыдэнты, палітэмігранта Андрэя Саньнікава.
Разумныя і абачлівыя паводзіны праваабаронцы Жамчужнага дазволілі яму пазьбегнуць парушэньняў правілаў утрыманьня ў калёніі. Таму рашэньнем адміністрацыі папраўчай установы Міхаіл Ігаравіч быў пераведзены на “палепшаныя ўмовы ўтрыманьня”. Гэтыя ўмовы адкрываюць перад вязьнем магчымасьць атрымаць дадаткова адну пасылку і дзьве бандэролі.
“Здароўе ў поўным парадку. Тры разы на тыдзень наведваю спартгарадок. Удзельнічаю ў спаборніцтвах”, – піша Міхаіл Жамчужны.
Тым ня менш ня ўсё добра. Паводле сьцьверджаньня вязьня, на яго чыніцца псыхалягічны ціск з боку вонкавых спэцслужбаў. Так, у калёнію падсылаюць нікому невядомых асуджаных зь невялікімі тэрмінамі, якія спрабуюць справакаваць Міхаіла Ігаравіча на бойку, каб затым дыскрэдытаваць яго ў дзяржСМІ. Але пакуль, як адзначае палітвязень, такія правакацыі атрымліваецца пасьпяхова нэўтралізоўваць пры падтрымцы групы аднадумцаў зь ліку вязьняў.
Жамчужны з палёгкай паведамляе, што дзякуючы адвакату пэрыпэтыі з афармленьнем пэнсіі па дасягненьні пэнсійнага ўзросту скончыліся. Прааналізаваўшы існуючыя ўмовы ўтрыманьня пэнсіянэраў у месцах пазбаўленьня волі, Міхаіл высьветліў, што пэнсіянэру-вязьню дастаецца ня больш за 10% ад сумы пэнсii, астатнія 90% ідуць на ўтрыманьне зьняволеных. Таму ён, грунтуючыся на ўказе прэзыдэнта Беларусі аб пэнсійным забесьпячэньні, адмовіўся ад атрыманьня пэнсіі, каб яна заставалася ў пэнсійным фондзе, а не ішла на фінансаваньне пэнітэнцыярнай сыстэмы.
“За маю 34-гадовую працоўную дзейнасьць налічылі 2,5 мільёну. Стаж перарываўся ў 2006 годзе празь незаконнае асуджэньне. Хоць пазову па першай крымінальнай справе няма, усё ж атрымліваць 250 тыс. рублёў для мяне прыніжальна. Хай атрымліваюць пэнсіянэры, якія маюць патрэбу”.
Зь ліста вынікае, што Міхаіл Ігаравіч мае прыўзьняты настрой, поўны аптымізму і творчых плянаў. Ён удзячны ўсім, хто дапамагае яму годна адбываць тэрмін, маральна і матэрыяльна падтрымлівае ў цяжкіх жыцьцёвых варунках, якія – па віне дзяржавы – наваліліся на яго.
Лявон Яфрэменка