Пасьля пераўтварэньня клюбу пажылых людзей «Залаты век» у віцебскае гарадзкое грамадзкае аб'яднаньне, галоўным заданьнем сваёй дзейнасьці яго кіраўніцтва бачыць у захаваньні і ўмацаваньні здароўя, а таксама ў максымальным падаўжэньні пэрыяду сацыяльнай запатрабаванасьці пажылых грамадзян.
Насычаным, цікавым і разнастайным жыцьцём жывуць удзельнікі грамадзкага аб'яднаньня «Залаты век». Падзяліцца сваімі дасягненьнямі, посьпехамі і плянамі з нашымі чытачамі ахвотна пагадзіліся былая кіраўніца, цяпер намесьніца старшыні аб'яднаньня Ванда Андрэеўна Цюлькова і новы старшыня Міхаіл Міхайлавіч Лузгін.
Ванда Андрэеўна, якія мэты вы ставілі, ствараючы клюб?
Мы імкнуліся да таго, каб, выйшаўшы на пэнсію, людзі па-ранейшаму заставаліся ў курсе падзеяў, што адбываюцца ў горадзе, пашыралі свой кругагляд, заставаліся грамадзка актыўнымі людзьмі. Мы наведвалі мастацкі і краязнаўчы музэі, цэнтар сучаснага мастацтва, «Духаўскі круглік», выставы, прэзэнтацыі ... Неўзабаве арганізатары імпрэзаў нам пачалі тэлефанаваць самі, запрашаць да сябе.
У якіх акцыях і валянтэрскіх рухах удзельнічаюць сябры вашага аб'яднаньня?
У цяперашні момант мы зьбіраем сродкі на акцыю ў падтрымку жывёл. Акрамя таго, зьбіраем шэсьцьсот тысяч на набыцьцё лекаў для хворага хлопчыка зь дзіцячай больніцы. Кожны здае на сваё меркаваньне столькі, колькі можа: пяць-дзесяць тысяч.
Апекуемся мы і бездапаможнымі хворымі з дому састарэлых. Размаўляем па тэлефоне з хворымі сухотнага дыспансэру. Нам дадзена на гэта паўтары гадзіны. Мы зь імі гутарым, супакойваем, падбадзёрваем, суцяшаем. Яны нам тэлефануюць. Такім кшталтам дапамогі займаюцца чалавек пятнаццаць.
Раскажыце пра ваша супрацоўніцтва зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі гораду.
Мы супрацоўнічаем з усімі клюбамі гораду, тэрытарыяльнымі цэнтрамі, бібліятэкамі і музэямі. Так, напрыклад, мы ўдзельнічаем у розных акцыях і мерапрыемствах, якія арганізуе Віцебскі абласны краязнаўчы музэй. Цяпер мы дапамагаем у арганізацыі выставы «Мода з камоды. 50-60-ыя гады». Мы зьбіраем рэчы таго часу.
Супрацоўнічаючы з Чырвоным Крыжам, мы шэфствавалі над дзецьмі-сіротамі з каледжа лёгкай прамысловасьці. З мэтай адаптацыі падлеткаў да самастойнага жыцьця мы вялі клюб «Дамаводзтва». Нашы жанчыны навучалі дзяўчынак разнастайнай працы па хаце, а мужчыны вучылі ня толькі таму, як прыбіць цьвік, але і куплялі сваім падапечным красоўкі, кашулі. Нядаўна пачалі працу з тэрытарыяльнымі цэнтрамі гораду. Ахвотныя праходзяць навучаньне, ходзяць на лекцыі, пасьля чаго наведваюць месьцічаў, якія маюць патрэбу ў доглядзе на даму.
Некалькі чалавек вучацца ва Ўнівэрсытэце трэцяга ўзросту пры ўнівэрсытэце імя Машэрава. Тэорыя ў іх скончылася, цяпер - тры месяцы практыкі.
Вельмі цесна супрацоўнічаем мы з грамадзкім аб'яднаньнем «Беларуская асацыяцыя былых непаўнагадовых вязьняў фашызму». Дзякуючы іх удзелу ў вялікім праекце яны змаглі аплаціць нам наведваньне басэйна, лекцыі ў мэдунівэрсытэце, экскурсіі па горадзе. У сваю чаргу яны маюць магчымасьць наведваць мерапрыемствы, якія арганізуем мы.
Зрабіце ласку, падзяліцеся тым, як звычайна праходзіць тыдзень ў пажылога чалавека аб'яднаньня «Залаты век».
У панядзелак і пятніцу ў нас клюб «Дыялёг». А 19:20 у «Музычнай гасьцёўні» мы маем магчымасьць глядзець фільмы, якія не ідуць на шырокім экране. У аўторак у нас паседжаньне аб'яднаньня, якое мы імкнёмся сумясьціць зь якім-небудзь мерапрыемствам. Напрыклад, сёньня кандыдат гістарычных навук Дзяніс Алегавіч Юрчак распавядае нам пра гісторыю Віцебску. У сераду ў нас басэйн і «сьцежка здароўя» - у добрае надвор'е мы ідзём шпацыраваць да Віцьбы. У чацьвер - рэляксацыя на Маскоўскім праспэкце, 64 і кіналекторый. У суботу ў музычным каледжы выкладчык пэдагагічнага ўнівэрсытэту праводзіць з намі адмысловыя фізычныя заняткі, развучваем практыкаваньні, неабходныя нам у гэтым веку. Займаемся паўтары гадзіны. У нядзелю ў нас танцы.
Апроч таго, мы абавязкова наведваем музэі. Заўтра, напрыклад, мы заплянавалі наведваньне мастацкага музэю. У нас усё расьпісваецца на цэлы тыдзень.
У адной з кавярняў гораду з дазволу гаспадара мы ладзім так званы «Салён у Ванды». Робім паэтычныя чытаньні: чытаем Цютчава, Пастэрнака, Ахматаву, Фета... Прычым мы нікому нічога не накідваем, кожны выбірае тое, што адпавядае яго патрэбам і густам.
Скажыце, якія з праведзеных за гэтыя гады імпрэзаў асабліва запомніліся?
У нас быў двухдзённы паход, падчас якога тры гадзіны мы плылі на катамаранах па рацэ Обаль, а сярод нас жа былі людзі 75-79 гадоў. Выяжджалі мы і за межы Беларусі. Былі ў Дзьвінску, Вільні, Стакгольме, у які мы плылі па моры на адзінаццаціпавярховым пароме. Уражаньняў плойма: там быў і басэйн, і саўна, і шоў... Усяго і не пералічыш. У такія падарожжы трэба езьдзіць абавязкова.
Я ўжо не кажу пра падарожжы па Беларусі. Мы наведалі Менск, Гародню, Гомель. Дык што, нам ёсьць чым ганарыцца. Ёсьць у нас і людзі, якія пішуць вершы. Зараз мы зьбіраемся выдаваць кнігу Тацьцяны Ваяводзкай і яшчэ двух аўтараў.
А як да такога напружанага жыцьцёвага графіку ставяцца вашы блізкія?
Дзеці мне тэлефануюць і пытаюцца: «Мама, ты калі будзеш дома?». Вось тады мы і сустракаемся. А так у нас няма часу. Мы ўвесь час чымсьці займаемся. Мы і ў тэатры, і ў філярмоніі - мы ўсюды.
І ў завяршэньне: назавіце некалькі імёнаў найбольш актыўных удзельнікаў вашага аб'яднаньня.
Іваноў Уладзімер Аляксеевіч адказвае ў нас за турызм і краязнаўства, вельмі актыўная ў нас Шахноўская Вольга Сяргееўна, якая адказвае за культмасаваю працу. Сусалка Антаніна Рыгораўна верхаводзіць у нас у фінансавых пытаньнях, а вось Ваяводзкую Тацьцяну Барысаўну ўзнагародзілі на рэспубліканскім узроўні як галоўнага валянтэра рэспублікі.
Пра мэты грамадзкага аб'яднаньня і пляны на будучыню я папрасіў расказаць яго цяперашняга кіраўніка, Міхаіла Міхайлавіча Лузгіна.
Мэту клюбу «Залаты век» найперш можна было характарызаваць як забаўляльна-разьвівальную. І гэта слушна. Стаўшы грамадзкім аб'яднаньнем, мы некалькі скаардынавалі свае задачы. Цяпер наша галоўная канцэпцыя - гэта спрыяньне таму, каб працэс натуральнага старэньня чалавека не ператварыўся ва ўбогае дажываньне. Трэба ламаць стэрэатып, што склаўся: пажылы - значыць стары, нямоглы, убогі, які патрабуе дадатковага догляду. Бо гэта ня так: чалавек пажыў, набраўся мудрасьці, ведаў, таму трэба зрабіць так, каб ён як мага даўжэй заставаўся запатрабаваным. Прынамсі, перад сабой мы ставім менавіта такую задачу. Але галоўнае ў гэтай канцэпцыі - гэта захаваньне і ўмацаваньне здароўя.
Мы правялі апытаньне і высьветлілі наяўнасьць трох праблем: праблемы здароўя, адзіноты і дыскрымінацыі паводле ўзросту. Прычым паняцьце здароўя мы хацелі б разумець ня толькі як адсутнасьць хвароб, але як духоўную, фізычную і сацыяльную шчаснасьць. Па сутнасьці, усё, чым бы мы ні займаліся ў працэсе сваёй дзейнасьці, накіравана на захаваньне здароўя. Надаючы належную ўвагу фізычнаму разьвіцьцю сяброў нашага аб'яднаньня, мы ніколі не забываем пра духоўнае і творчае разьвіцьцё.
Мы ўважліва адсочваем прапанаваныя ў нашай сфэры гранты і зьбіраемся ўдзельнічаць у гэтых праектах, каб мець больш магчымасьцяў для рэалізацыі сваіх задум. У нас шмат людзей, гатовых рабіць дабро для іншых.
С. Горкі