Старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч распавяла, што пасьля мітынгу, які адбыўся 15 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, віцебскі прадпрымальнік Руслан Буракоў занёс у адміністрацыю Лукашэнкі выніковую рэзалюцыю агульнарэспубліканскага сходу ІП, у якой пералічаныя патрабаваньні да ўладаў для разьвязаньня праблем малога бізнэсу.
На самім мітынгу былі зацьверджаныя патрабаваньні для паляпшэньня ўмоў працы ІП, прапанаваныя рухам салідарнасьці «Разам». Гэтыя патрабаваньні, як паведаміў актывіст руху менскі прадпрымальнік Алесь Макаеў, будуць высланыя ў адміністрацыю прэзыдэнта поштай.
Яскевіч жа намагае на тым, што ініцыятыва мітынгу зыходзіла ад прадпрымальнікаў з рэгіёнаў, таму ў аснову рэзалюцыі аб выніках праведзенага на Кастрычніцкай плошчы сходу ІП ляглі тыя ж эканамічныя патрабаваньні, якія прадпрымальнікі з рэгіёнаў раней выстаўлялі ў сваіх зваротах да Лукашэнкі, і на якія ім так і не далі адказу. У рэзалюцыі прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць указ №222 і вярнуць ІП у межы ўказу №285 зь некаторымі праўкамі.
«Ва ўказ трэба ўнесьці пункты аб магчымасьці для прадпрымальнікаў мець наёмных асоб, а таксама пра тое, што ІП, якія перайшлі на працу па дакумэнтах, могуць працаваць з адзінай стаўкай, плюс выплачваючы 20-адсоткавую мыту», – сказала Яскевіч.
Прадпрымальнікі таксама патрабуюць разгледзець пытаньне аб выплаце ўнёскаў у ФСАН толькі за фактычна адпрацаваны час, а таксама даць магчымасьць ІП усталёўваць аплатныя тэрміналы на добраахвотнай аснове, калі іх штомесячны даход не перасягае 60 мільёнаў рублёў.
У дакумэнце таксама гаворыцца пра патрэбу зьнізіць падвышальныя каэфіцыенты падаткаў для ІП. «Мы плацілі падатак з падвышаным каэфіцыентам 2 за тое, што ўвозілі тавар без дакумэнтаў, а яшчэ адзін падатак з такім жа каэфіцыентам – за тое, што паступае тавар без сэртыфікацыі. Мы не за анархію, мы гатовыя праводзіць акты гігіенічных экспэртыз, як гэта было раней», – патлумачыла лідэрка аргкамітэту прафсаюзу «Разам».
Прадпрымальнікі таксама ўважаюць за патрэбнае «ліквідаваць несувымернасьць пакараньняў парушэньням». Яскевіч падкрэсьліла, што ІП ня ў стане аплачваць штрафы нароўні зь юрыдычнымі асобамі. «Калі ў мяне на этыкетцы будзе нешта няправільна аформлена – напрыклад, лічба ў артыкуле зблытаная ці нешта яшчэ, і гэта ніяк не ўплывае на якасьць тавару – то мне дадуць штраф 42 мільёны рублёў; гэта немагчыма. Мы просім вярнуцца да дэкрэту №4, дзе гаворыцца, што трэба не штрафаваць, а абмежавацца толькі выдачай прадпісаньняў, даваць ІП час на ліквідацыю парушэньняў», – сказала яна.
Акрамя таго, у рэзалюцыі гаворыцца пра патрэбу «ўключыць у камісіі, рады і рабочыя групы для разьвязаньня пытаньняў аб дзейнасьці ІП тых, каго выберуць самі прадпрымальнікі». «На сёньняшні дзень у працоўныя групы ўключаныя прадстаўнікі сярэдняга бізнэсу, юрыдычныя асобы, якія лябіююць свае інтарэсы», – падсумавала Яскевіч.
charter97.org